20 лістапада, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Мінск разлічве ў 2016 годзе сабраць кіраўнікоў былых югаслаўскіх рэспублік. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Сербіі Таміславам Нікалічам. Сустрэча прайшла перад удзелам кіраўнікоў дзяржаў ва ўрачыстай цырымоніі закладкі памятнай капсулы ў знак пачатку будаўніцтва эксперыментальнага шматфункцыянальнага комплексу "Мінск-Мір", якая адбылася сёння ў беларускай сталіцы.
Аляксандр Лукашэнка і Таміслаў Нікаліч паразмаўлялі ў нефармальнай абстаноўцы. Прэзідэнт Беларусі, у прыватнасці, адзначыў, што гэта будзе вельмі сімвалічна, калі ў наступным годзе тут змогуць сабрацца кіраўнікі рэспублік былой Югаславіі з вельмі важнай нагоды - будаўніцтва комплексу "Мінск-Мір".
Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што сербскі бок акажа Беларусі дапамогу ў арганізацыі гэтай сустрэчы. Таміслаў Нікаліч у сваю чаргу расказаў, што пэўныя захады па арганізацыі гэтай сустрэчы ўжо зроблены. Напрыклад, наконт удзелу прэзідэнтаў Славеніі, Харватыі, Македоніі і Чарнагорыі. "Тут будзе прадстаўлена ўся былая Югаславія, і гэта дапаможа нашаму народу лепш жыць. Гэта ваша вялікая заслуга", - падкрэсліў Таміслаў Нікаліч.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў падумаць аб яшчэ адным праекце з удзелам былых югаслаўскіх рэспублік, і Прэзідэнт Сербіі пазітыўна ацаніў гэту ініцыятыву. Ён лічыць, што было б цудоўна, калі б можна было аднавіць сумесную вытворчасць прадукцыі.
Сёння завяршаецца трохдзённы візіт Таміслава Нікаліча ў Беларусь. Прэзідэнт Сербіі за гэты час паспеў правесці плённыя перагаворы ў вузкім і пашыраным складах з беларускім лідарам, наведаць ААТ "Мінскі трактарны завод", пабываць таксама ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У час праведзеных напярэдадні перагавораў прэзідэнты Беларусі і Сербіі падпісалі сумесную заяву, у якой падкрэслілі прыхільнасць дзвюх краін да захавання прынцыпаў міжнароднага права, а таксама намецілі прыярытэтныя напрамкі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.