5 сакавіка, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер правесці прынцыповую размову з кіраўнікамі федэрацый зімовых відаў спорту. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 4 сакавіка, наведваючы фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне "Снежны снайпер", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы лічыць, што беларускія спартсмены хоць і заваявалі некалькі медалёў на зімовай Алімпіядзе, але маглі паказаць лепшыя рэзультаты, у прыватнасці ў біятлоне і фрыстайле. "У бліжэйшы час у нас адбудзецца вельмі прынцыповая, сур'ёзная размова на злобу дня з кіраўнікамі федэрацый зімовых відаў спорту, старшынямі наглядальных саветаў, якія ўзначальваюць генералы і міністры. Сёння яны глядзяць, як выкруціцца. Нічога ў іх не атрымаецца. Мы, у рэшце рэшт, трацім народныя грошы, і немалыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
На думку Прэзідэнта, трэнерскі склад недастаткова добра падрыхтаваў спартсменаў да алімпійскага старту. "Рыхтуй сані летам так, каб зімой нармальна выступаць. Правалілі міжсезонне: цяжка, лішнія нагрузкі, перагружаны... Аказалася, што не здольны бегчы. Вось у чым уся праблема, я думаю. Слабая работа трэнераў, і не было жалезнага патрабавання ў федэрацый", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Асаблівая ўвага будзе ўдзелена падрыхтоўцы мужчынскай біятлоннай каманды, якая не змагла паказаць дастойныя рэзультаты ў Пхёнчхане. "Гэта ганьба! Мужыкі не могуць краіну парадаваць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.