31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лёгкай выбарчай кампаніі ў гісторыі Беларусі не было ніколі і не будзе, пакуль яна існуе як суверэнная дзяржава. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы, гаворачы аб маючай адбыцца ў 2024 годзе чарговай выбарчай кампаніі, спытаў дэпутатаў усіх узроўняў, ці ўсё яны зрабілі, што абяцалі выбаршчыкам. "Час завяршыць свае справы яшчэ ёсць. Прашу і мясцовыя органы ўлады звярнуць на гэта ўвагу і дапамагчы дэпутатам, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І ўжо сёння, не чакаючы электаральную кампанію, трэба абмеркаваць з людзьмі, якія пытанні будзем выносіць на ўзровень першага канстытуцыйнага складу УНС. Нам трэба пачаць абмеркаванне праекта новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі так, як мы рабілі гэта з праектам Канстытуцыі. Цяпер гэта вельмі востра гучыць. Да людзей трэба пайсці і перагаварыць".
Прэзідэнт даручыў прадоўжыць дыялог з людзьмі, пачаты напярэдадні канстытуцыйнага рэферэндуму, на месцах, у студэнцкіх аўдыторыях, на заводах, у арганізацыях. "Не час супакойвацца. Не трэба думаць, што мы ўсё і ўсім растлумачылі. Кожны новы дзень падкідвае новую інфармацыйную тэму. Асабліва шмат і скрупулёзна трэба тлумачыць моладзі. Тлумачыць і раіцца, не займацца натацыямі", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
"Мы ўсе павінны памятаць: лёгкай выбарчай кампаніі ў нашай гісторыі не было ніколі і не прадбачыцца. Не будзе, пакуль мы існуем як суверэнная дзяржава. Я думаю, вы гэта разумееце", - рэзюмаваў беларускі лідар. Ён яшчэ раз звярнуў увагу на складаную абстаноўку вакол краіны і папярэдзіў: нас будуць па-ранейшаму хістаць, выкарыстоўваючы розныя метады, а магчыма і таго горш - імкнуцца знішчыць Беларусь - востраў міралюбнасці, які не патрэбны нядобразычліўцам і з'яўляецца ў іх разуменні дрэнным прыкладам.
"Калі мы хочам быць суверэннымі і незалежнымі, яшчэ раз паўтару: не трэба лунаць у воблаках, не трэба думаць аб незямных цывілізацыях - трэба кожнаму займацца сваёй справай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.