Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

5 Крс 2019

Лукашэнка лічыць неабходным паскорыць работу па інфарматызацыі судовай сістэмы

Лукашэнка лічыць неабходным паскорыць работу па інфарматызацыі судовай сістэмы

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сучасныя рэаліі патрабуюць паскорыць работу па інфарматызацыі судовай сістэмы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытаннях удасканалення дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Выкарыстанне IT-тэхналогій у вашай дзейнасці дасць магчымасць рацыянальна патанніць судаводства, скараціць судовыя расходы. Суды маюць неабходнае аснашчэнне для фіксацыі судовага працэсу", - сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.

Прэзідэнт пацікавіўся, як судзейскі корпус мае намер карыстацца найноўшымі тэхналогіямі і што цяпер перашкаджае ім адмовіцца ад папяровых пратаколаў судовых пасяджэнняў. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што пара пачаць ужо  фарміраванне электронных спраў: "Да 1 верасня 2020 года мы павінны ажыццявіць лічбавізацыю, як гэта модна ў нас гаварыць, на падставе найноўшых дасягненняў IT. Усе пасяджэнні Вярхоўнага суда павінны ісці без паперак. Калі толькі ў асобных выпадках каму-небудзь патрэбны гэты канспект".

Што датычыцца ўсіх астатніх судоў, то Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта вывучыць магчымасць ажыццяўлення поўнай лічбавізацыі судоў па ўсёй краіне, аж да раённых, да названага тэрміну. Кіраўнік дзяржавы даручыў таксама прыцягнуць да гэтай работы Парк высокіх тэхналогій і Аператыўна-аналітычны цэнтр.

Разам з тым Прэзідэнт папярэдзіў суддзяў аб павышанай адказнасці пры пераходзе на поўную аўдыя- і відэафіксацыю пасяджэнняў. "Майце на ўвазе: там вы будзеце, як на далоні. І ваш артыстызм, і ваша красамоўства, і ваш прафесіяналізм - усё на вачах. Тое, што ў папяровы пратакол сакратар часам не запісваў, там гэта ўсё будзе відаць. Гэта сістэма (я ў гэтым зацікаўлены і дзяржава ў цэлым) запатрабуе ад вас яшчэ большага прафесіяналізму, і, калі можна так сказаць, эстэтыкі. Але да гэтага трэба ісці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Гэтыя навацыі істотна павышаюць адкрытасць і празрыстасць правасуддзя. Укараненне электроннага судаводства ўлічваецца пры складанні міжнародных рэйтынгаў, якія вызначаюць узровень развіцця і інвестыцыйнай прывабнасці нашай дзяржавы", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён расказаў, што з боку бізнес-супольнасці часта гучаць прапановы аб неабходнасці ўнесці тыя ці іншыя папраўкі ў заканадаўства. Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да Вярхоўнага суда з тым, каб вывучыць такія прапановы ў бліжэйшы час і вырашыць, якія з іх можна прыняць.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць даверу з боку бізнесу да судовай сістэмы і дзеючага заканадаўства: "Для таго каб тыя бізнесмены, якія прыносяць сюды свае грошы, былі цвёрда перакананы, што беларуская судовая сістэма - гэта не нейкая кішэнная сістэма, а сапраўды справядлівая структура".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі