5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кожны пяты зварот у Адміністрацыю Прэзідэнта датычыцца нездаволенасці работай камунальных службаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях функцыянавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я бачу з прадстаўленых дакументаў, што вы нямала робіце для павышэння надзейнасці работы абсталявання, ліфтаў, інжынерных сетак, забеспячэння акупнасці практычна ўсіх відаў паслуг. Але разам з тым мяне насцярожвае, што апошнім часам кожны пяты зварот грамадзян, які паступіў у Адміністрацыю Прэзідэнта, датычыцца нездаволенасці работай камунальных службаў", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Найбольшае хваляванне ў людзей выклікаюць якасць пітной вады і недастатковае добраўпарадкаванне тэрыторый, у тым ліку вуліц і дарог, у населеных пунктах.
"Таму сёння хацеў бы даведацца, як выконваюцца мае неаднаразовыя даручэнні аб навядзенні парадку на зямлі. І асабліва - аб замацаванні тэрыторый за суб'ектамі гаспадарання. Значыць, калі гэта школа, то дзеці павінны спасцігаць азы працы ў парку насупраць: прыбраць своечасова, прывесці ў парадак, пафарбаваць лаўкі. Калі гэта завод або фабрыка, то вакол - тэрыторыя гэтага завода або гэтай фабрыкі. За працоўнымі калектывамі павінны быць замацаваны гэтыя тэрыторыі. Застанецца толькі кантраляваць і патрабаваць, каб там быў парадак. Гэта наогул не нагрузка для ўстаноў ці заводаў. Гэта для размінкі, і тое кожнаму не хопіць", - перакананы Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што не ўсё гладка і з азеляненнем. Не адзінкавыя факты, калі саджанцы закупілі, высадзілі, але яны загінулі. "Вельмі хацеў бы, каб не толькі ў Мінску, але на тэрыторыі ўсіх нашых гарадоў і пасёлкаў быў парадак, каб адчуваўся клопат чалавека аб тым кутку, дзе ты жывеш, - падкрэсліў ён. - Пры гэтым ведаю, што многія людзі і самі гатовы добраўпарадкоўваць гэтыя тэрыторыі і двары. Трэба іх арганізаваць. У патрэбны момант забяспечыць інвентаром, пасадачным матэрыялам людзей, пабудаваць і наперадзе пайсці. Тады будзе карысць".
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што замежныя грамадзяне нездарма кажуць аб тым, што Беларусь - краіна чысціні і парадку. "І мы гэты імідж не павінны страціць з-за нашай непаваротлівасці і безгаспадарчасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.