21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кошт квадратнага метра жылля не павінен быць вышэйшым за сярэднямесячны заработак. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння будаўніцтва аднаго квадратнага метра ў сярэднім па краіне абыходзіцца ў $500, крыху вышэй. Але гэта вышэй, чым сярэдняя зарплата. І дзяржава абавязана рэагаваць. Таму даручаю ўраду забяспечыць рэалізацыю прынцыпу: цана аднаго квадрата не павінна быць вышэйшай за сярэднямесячны заработак", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт нагадаў, што аўтарам гэтай ідэі з'яўляецца прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў. "Гэта вы прапаноўвалі такую сістэму, калі я вас назначыў кіраўніком групы па будаўніцтве, калі вы зрабілі вельмі прымальны для народа вывад, і я яго падтрымаў: "квадратны метр - сярэдняя зарплата", - сказаў Прэзідэнт.
"Мы ж сёння пакутуем, што Чорны (міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны. - Заўвага БЕЛТА) разам з віцэ-прэм'ерам Калініным загубілі або губяць будаўнічую сферу. У Гарлыку пабудавалі, яшчэ недзе будуць будаваць. Не заменім мы гэтымі аб'ектамі тыя аб'екты, якія трэба будаваць у Беларусі. І калі сёння жыллё будзе таннейшым, людзі будуць укладваць грошы ў будаўніцтва, нягледзячы на складанасці, а гэта вялікі кусок работы для нашага будаўнічага комплексу. Над гэтым трэба думаць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.