12 снежня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Катэгарычнасць у навязванні мадэлей развіцця нічым не лепшая за рэлігійны фанатызм. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 снежня, выступаючы на Міжнароднай канферэнцыі "Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця" ў Ашхабадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Міжнароднае супрацоўніцтва можа быць эфектыўным і ўзаемавыгадным толькі на аснове ўзаемнай павагі. Гэта тое, чаго катастрафічна не хапае ў сучасным свеце. Сёння часта адсутнічае элементарная гатоўнасць паважаць выбар іншых", - канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.
"І тая катэгарычнасць, з якой нам спрабуюць звонку навязаць быццам бы ўніверсальныя мадэлі развіцця, нічым не лепшая за рэлігійны фанатызм", - падкрэсліў беларускі лідар. Ён дадаў, што пры гэтым абсалютна не ўлічваюцца гістарычныя, культурныя асаблівасці як асобных дзяржаў, так і цэлых рэгіёнаў.
"Пара зразумець, што ўсе мы, вобразна кажучы, знаходзімся ў адной лодцы. Спробы ўладных людзей забяспечыць уласны дабрабыт за кошт іншых краін і народаў вядуць абавязкова ў тупік, адкуль цяжка выбірацца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Сёння ўсё залежыць ад усіх. І калі палыхне ў адной частцы свету, то імгненна адгукнецца і ў іншай", - адзначыў Прэзідэнт.