18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Канстытуцыйнаму Суду неабходна займаць лідарскую пазіцыю ў пытаннях рэалізацыі палажэнняў Асноўнага Закона. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 ліпеня на сустрэчы з суддзямі Канстытуцыйнага Суда, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы ў пачатку сустрэчы нагадаў, што размова ў такім фармаце праводзілася даволі даўно (больш як шэсць гадоў таму). Тады асноўнай тэмай была падрыхтоўка змяненняў у Канстытуцыю. Праведзена маштабная работа над новай рэдакцыяй Асноўнага Закона, уклад у якую ўнеслі і суддзі Канстытуцыйнага Суда.
"Пры распрацоўцы канстытуцыйных паправак мы ставілі задачу ўмацаваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, замацаваць адпаведную патрабаванням часу сістэму органаў дзяржаўнай улады і ўласцівыя нашаму народу традыцыйныя каштоўнасці", - адзначыў Прэзідэнт.
Наступныя падзеі, паводле яго слоў, пацвердзілі своечасовасць прынятых змяненняў. Але галоўнае, на што звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, - усе закладзеныя ў Канстытуцыі прынцыпы і нормы павінны працаваць на практыцы. На жаль, цяпер прынятыя нарматыўна-прававыя акты не заўсёды працуюць на практыцы. "Гэта вялікая наша бяда", - сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы неабходнасць выпраўляць сітуацыю. Гэта датычыцца і паўнамоцтваў Канстытуцыйнага Суда, якія значна пашыраны ў ходзе канстытуцыйнай рэформы, таксама з улікам прапаноў саміх суддзяў. "Усё, што вы хацелі і прасілі, мы прадугледзелі ў Канстытуцыі. Калі будуць яшчэ якія-небудзь прапановы, думаю, мы знойдзем, як іх вырашыць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт спытаў, як цяпер функцыянуе суд, ці выконвае задачы, якія стаяць перад ім, у поўным аб'ёме. "Лічу, што ў пытаннях рэалізацыі палажэнняў Асноўнага Закона Канстытуцыйнаму Суду неабходна займаць адкрыта, не баючыся, лідарскую пазіцыю, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Цяпер важна праяўляць ініцыятыўнасць, быць на вастрыі падзей, працаваць на апярэджанне. Словам, грамадства павінна бачыць Канстытуцыйны Суд у справе. Ад вашай актыўнасці залежыць дзейснасць абароны канстытуцыйнага правапарадку ў нашай краіне".
Аляксандр Лукашэнка абазначыў некалькі актуальных пытанняў, якія патрабуюць абмеркавання.
Першае з іх датычыцца новай канстытуцыйнай функцыі суда - тлумачэння Асноўнага Закона. Для гэтага, паводле слоў Прэзідэнта, патрэбна ініцыятыва правамоцных дзяржаўных органаў (Прэзідыум УНС, палаты парламента, Вярхоўны Суд, урад). Гэтыя органы таксама маюць права звяртацца па пытанні адпаведнасці Канстытуцыі нарматыўных прававых актаў.
"Пакуль мы не бачым такой ініцыятывы, але глебу (для рэалізацыі такіх паўнамоцтваў. - Заўвага БЕЛТА) павінен рыхтаваць сам Канстытуцыйны Суд. Вы павінны праініцыяваць гэты працэс праз сваю практычную дзейнасць", - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да суддзяў.
У той жа час і для дзяржаўных органаў гэтыя канстытуцыйныя нормы не павінны быць дэкларатыўнымі, акцэнтаваў Прэзідэнт. "Да вас звяртаюцца людзі з набалелымі пытаннямі", - заўважыў ён.
Другое пытанне, абазначанае кіраўніком дзяржавы, датычылася яшчэ адной важнай навацыі ў Асноўным Законе - інстытута канстытуцыйнай скаргі. "Гэта ініцыятыва самога суда. Грамадзяне атрымалі магчымасць звароту ў Канстытуцыйны Суд не толькі праз упаўнаважаныя дзяржаўныя органы, але і асабіста", - растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Яго цікавіла, што менавіта робіць Канстытуцыйны Суд, каб людзі маглі рэальна скарыстацца гэтым правам.
"Вы павінны даступна расказваць ім, што канстытуцыйная скарга - гэта іх дадатковая гарантыя, калі вычарпаны ўсе сродкі абароны ў судах агульнай юрысдыкцыі. І, калі мы ўвялі прамы доступ да канстытуцыйнага правасуддзя, лічу недапушчальным фармальны разгляд канстытуцыйных скаргаў грамадзян", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Трэці аспект, аб якім ішла размова, - узаемадзеянне судоў. Паколькі ў Канстытуцыйны Суд маюць права звяртацца і суды агульнай юрысдыкцыі. Пры разглядзе канкрэтнай справы суддзя, усумніўшыся ў канстытуцыйнасці акта, што прымяняецца ў гэтай справе, ставіць пытанне аб праверцы яго на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі.
"Ні да ўнясення змяненняў у Асноўны Закон, ні пасля ніводнага запыту ў Канстытуцыйны Суд не паступіла, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - У чым праблема? Ведаю, што наконт гэтага ў Вярхоўнага Суда ёсць сваё меркаванне".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вышэйшы орган канстытуцыйнага кантролю не павінен быць староннім наглядальнікам за працэсамі, што адбываюцца ў грамадстве, і адначасова не павінен пазіцыянаваць сябе як нешта выключнае ў структуры дзяржавы. У сувязі з гэтым Прэзідэнт згадаў аб прыкладзе ЗША, якія дзейнічаюць паводле прынцыпу "Амерыка перш за ўсё", і дзеля сваіх інтарэсаў гатовы на ўсё. "Вы бачыце, як дзеючая ўлада (у ЗША. - Заўвага БЕЛТА) сябе паводзіць, чаго варта гэта "дэмакратыя", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Вы бачыце, як такая магутная краіна, якой увогуле і не трэба было б паказваць свой спрыт, абараняе дзяржаўныя інтарэсы. І пляваць ім на ўвесь свет, не тое што на нейкую краіну, - на ўвесь свет".
Прэзідэнт падкрэсліў, што, напэўна, ні адна дзяржава не зрабіла на справе так шмат, як Беларусь, для забеспячэння незалежнасці судоў. "Але вы не павінны забываць аб тым, што вы - частка нашай дзяржавы, дзяржаўнай структуры, апарату кіравання. Аб гэтым ні ў якім разе забываць не трэба. Мы павінны быць як ніколі адзіныя для таго, каб выстаяць і захаваць сваю дзяржаву, - заявіў беларускі лідар. - Нельга адасабляцца Канстытуцыйнаму Суду. Трэба выбудоўваць канструктыўнае ўзаемадзеянне з іншымі дзяржаўнымі органамі", - арыентаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама ўказаў на неабходнасць максімальна выкарыстоўваць вопыт і веды суддзяў у адукацыйнай сферы. "У Канстытуцыйным Судзе, напэўна, самыя прагрэсіўныя нашы юрысты. Думаю, яны недагружаны ў тым плане, што шырэй трэба працаваць з грамадствам", - лічыць кіраўнік дзяржавы. Асаблівую ўвагу, на яго думку, трэба звярнуць на работу з моладдзю, у працоўных калектывах, ды і з работнікамі дзяржорганаў. "Вы цудоўныя лектары, аратары. Вы - крыніца ведаў у галіне права, і не толькі права, але і жыцця", - сказаў Прэзідэнт, прапанаваўшы прадугледзець, напрыклад, на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь арганізацыю такіх сустрэч.
"Увогуле, трэба станавіцца ў авангард і ісці наперад", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.