Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

2 Ліп 2024

Лукашэнка: я не маю намеру аддаваць загад пагранічнікам, каб яны абаранялі ЕС ад міграцыі

Лукашэнка: я не маю намеру аддаваць загад пагранічнікам, каб яны абаранялі ЕС ад міграцыі
Фота з архiва

2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выкарыстоўваць міграцыйны крызіс супраць Беларусі ў Захаду не атрымаецца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час выступлення кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся аб міграцыйнай сітуацыі на граніцы. "Чаму я гэту праблему закранаю, таму што яна сёння выкарыстоўваецца для таго, каб прыціснуць нас на Захадзе. Асабліва ў гэтым стараюцца нашы "сябры", нашы бліжэйшыя суседзі - кіраўніцтва Польшчы, - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. - Яны ўжо дастукаліся да таго... Прэзідэнт Дуда паехаў да Сі Цзіньпіна, скардзіўся на Лукашэнку: "Выкарыстайце свой уплыў на Лукашэнку, на Пуціна, каб яны спынілі гэту міграцыю".

У сувязі з гэтым Прэзідэнт перш за ўсё прапанаваў адказаць на галоўныя, ключавыя пытанні аб прычынах міграцыі: адкуль бягуць людзі, куды і навошта. "Людзі адкуль бягуць? З тых краін, якія амерыканцы і іх саюзнікі развалілі. Мы гэта ведаем, бачым. Хто бяжыць праз Беларусь? Гэта перш за ўсё Афганістан. Яны там прадаюць усё, накопліваюць некалькі тысяч долараў і бягуць", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, грошы гэтым гаротнікам патрэбны перш за ўсё для таго, каб заплаціць у Польшчы тым, хто арганізуе іх перамяшчэнне ў Германію, і гэта агульнавядомы факт. Мігранты імкнуцца трапіць у Германію, куды іх у свой час запрасілі. "Запрасілі - уладкоўвайце, - слушна заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Вы іх паклікалі, яны да вас ідуць".

Прэзідэнт нагадаў, што да ўвядзення Захадам санкцый у адносінах да Беларусі наша краіна вельмі сур'ёзна з Захадам супрацоўнічала, аж да заключэння дагавора аб рэадмісіі. "Потым ад усяго гэтага (з боку Захаду. - Заўвага БЕЛТА) адмовіліся: "Нам гэта не трэба". Добра, не трэба. А што, гэта мне трэба? - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы не будзем іх стрымліваць".

Акрамя таго, на перамяшчэнне мігрантаў аказала ўплыў абвастрэнне канфлікту ва Украіне. "Вось так і атрымалася, што па сухапутнай граніцы ўсё сышлося на Беларусі. І я адкрыта сказаў: мы іх лавіць не будзем. Наша справа - гарантаваць бяспеку нашага народа", - сказаў беларускі лідар.

Калі раней з польскага боку выкарыстоўвалі вадамёты супраць мігрантаў у халодную пару года, іх збівалі, то цяпер даходзіць да прамога забойства і падкідвання трупаў да беларускай граніцы. "Мы ўжо стаміліся паказваць усе гэтыя факты. І дзе дэмакратыі еўрапейскія? І дзе амерыканцы, якія дбаюць аб правах чалавека?" - задаў рытарычныя пытанні Прэзідэнт.

"Галоўнае ў тым, што я не маю намеру аддаваць загад пагранічнікам, ваенным і іншым, грамадзянскім асобам, каб яны абаранялі Еўрапейскі саюз на граніцы Беларусі і Польшчы. Вы накінулі пятлю на нашу шыю і яшчэ прымушаеце нас, каб мы абаранялі вас ад гэтых гаротнікаў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

У такой сітуацыі будаўніцтва агароджы на граніцы не дапаможа Польшчы стрымаць паток мігрантаў, лічыць Аляксандр Лукашэнка. Пры жаданні мігранты пераадольваюць гэту агароджу, а на другім баку ў іх страляюць.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што маніпуляваць міграцыйнай тэматыкай для націску на Беларусь бесперспектыўна: "Выкарыстоўваць міграцыйныя патокі супраць нас не атрымаецца. Мы, нашы журналісты, павінны яшчэ шырэй паказваць праўду аб міграцыйных патоках".

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі