19 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Дзяржавай зроблена нямала для спорту вышэйшых дасягненняў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на Алімпійскім сходзе НАК Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дзяржавай зроблена нямала для спорту вышэйшых дасягненняў. Нашым трэніровачным базам, арэнам, умовам падрыхтоўкі зайздросцяць многія краіны", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У бягучым годзе ўведзены ў эксплуатацыю новы будынак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра спорту. "Вы так перажывалі, што ён вам патрэбны. Ён абсталяваны ўсім неабходным для навукова-медыцынскага суправаджэння трэніровачнага працэсу. Усё, што прасілі, зрабілі. Можа, нечага не хапае. Калі ласка, скажыце. І як гэта (увядзенне новага будынка РНПЦ. - Заўвага БЕЛТА) паўплывала на якасць падрыхтоўкі, аднаўлення і рэабілітацыі атлетаў?" - спытаў Прэзідэнт.
"Паглядзіце, хто там працуе. Трэба гэтым заняцца. Каб там былі спецыялісты, якія працавалі б на спартсменаў", - заўважыў беларускі лідар.
Прэзідэнт закрануў і допінгавую тэму. "Насцярожваюць апошнія факты: Марына Арзамасава (бег на 800 м. - Заўвага БЕЛТА), Дзмітрый Набокаў (скачкі ў вышыню. - Заўвага БЕЛТА), Кірыл Грышчанка (барацьба грэка-рымская. - Заўвага БЕЛТА). Чакаю шчырай размовы. Гэтыя праблемы датычацца непасрэдна іміджу краіны".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі прыняты комплекс мер, накіраваных на ўзмацненне барацьбы з допінгам, аж да крымінальнай адказнасці за схіленне спартсмена да выкарыстання забароненых сродкаў.
"А што бывае з тымі, хто пускае гэтыя працэсы на самацёк, вы добра ведаеце. У тым ліку на прыкладзе нашых цяжкаатлетаў, якім у выніку пасля ўсіх разборак пакінулі ўсяго толькі дзве алімпійскія ліцэнзіі. Вельмі шкада, калі нашы цяжкаатлеты (трэба аддаць ім належнае) у апошнія пару гадоў выйшлі на прыстойны ўзровень. Паказалі сапраўдную барацьбу і характар", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Вы таксама бачыце, што адбываецца вакол расійскага спорту. Над нашымі суседзямі зноў навісла пагроза зусім не трапіць на Алімпійскія гульні пад сваім сцягам. Могуць паставіць пад санкцыі ўсю краіну, не звяртаючы ўвагі на чыстых і сумленных атлетаў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.