21 сакавіка, Магілёў /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Дэкрэт нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" не адмяняўся і не прыпыняўся. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы ў Магілёве з работнікамі прадпрыемстваў кампаніі "Кранаспан", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Як бы ні было непапулярна: дэкрэт нумар 3 я не адмяняў і нават не прыпыняў. Гэта няправільна кажуць. Дэкрэт нумар 3 сёння працуе. Адзінае, што я запатрабаваў, калі ўлада вінавата была (панакіроўвалі гэтыя "пісьмы шчасця" каму трэба і каму не трэба), - прыпыніць выплату на бягучы год. Але за гэты час мы выверым усе спісы. Крайні тэрмін - 1 кастрычніка", - заявіў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што лічыць ненармальнай сітуацыю, калі мільёны людзей працуюць, а 300-350 тыс. бадзяюцца незразумела дзе. "350 тыс., якія павінны працаваць і не працуюць. І не нясуць ніякай нагрузкі, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Вы павінны ведаць, што я ад гэтага не адступлю. Мы павінны навесці ў краіне парадак. Настаў час, калі трэба наводзіць парадак і з занятасцю людзей".
Сярод станоўчых вынікаў прымянення дэкрэта Аляксандр Лукашэнка прыгадаў тое, што людзі пачалі больш даражыць рабочымі месцамі, узрасла колькасць зваротаў у службы занятасці. "Гэты дэкрэт - лакмусавая паперка ў сацыяльнай сферы. Ён высвеціў вельмі многія негатыўныя пытанні. Мы ад яго адмаўляцца не будзем, але прывядзём усё ў парадак, каб людзі не крыўдзіліся", - рэзюмаваў беларускі лідар