31 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 снежня правёў нараду з кіраўніцтвам нафтахімічнага комплексу на тэму паставак і перапрацоўкі нафты. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што запрасіў удзельнікаў нарады, каб канкрэтна абмеркаваць адпаведныя пытанні ў развіццё праведзеных 30 і 31 снежня тэлефонных размоў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што ў яго адбылася размова з міністрам энергетыкі Расіі Аляксандрам Новакам. "Толькі што мы завяршылі гэту размову. Я перадаў яму нашы дамоўленасці з Прэзідэнтам Пуціным, - сказаў ён. - Выйшаў непасрэдна на міністра (не па пратаколе), таму што заўтра першае чысло, а ў нас няма кантрактаў на пастаўку нафты ў Беларусь".
Па выніках нарады старшыня канцэрна "Белнафтахім" Андрэй Рыбакоў паведаміў, што ў развіццё тэлефонных размоў Аляксандр Лукашэнка даручыў у бліжэйшыя гадзіны завяршыць перагаворы суб'ектаў гаспадарання Беларусі і Расіі і заключыць кантракты на пастаўку нафты ў краіну ў мэтах забеспячэння бесперабойнай работы двух нафтаперапрацоўчых заводаў.
Таксама кіраўніком дзяржавы дадзена даручэнне забяспечыць ужо ў бліжэйшыя дні пастаўку нафты з альтэрнатыўных крыніц. Перш за ўсё размова ідзе пра пастаўкі чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама аб задзейнічанні для альтэрнатыўных паставак нафтаправода "Дружба".