14 лістапада, Магілёў /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць даручыў у 2017 годзе вярнуць сярэднюю зарплату на ўзровень $500 пры ўмове адпаведнага росту прадукцыйнасці працы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Заслухоўваючы даклад аб перспектывах развіцця абласнога цэнтра, Прэзідэнт адзначыў, што цяперашні ўзровень зарплат лічыць недастатковым. "Рыхтуйцеся набраць сярэднюю зарплату на ўзроўні $500 у будучым годзе", - даручыў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым кіраўнік дзяржавы дадаў, што павышаць заработную плату без росту прадукцыйнасці працы немэтазгодна. "Я не гавару, што павінны плаціць незаробленыя грошы. Ні ў якім разе. Інакш мы вернемся да таго, з чаго пачыналі два гады таму. Мы павінны стымуляваць, падштурхоўваць кіраўнікоў прыватных і дзяржаўных прадпрыемстваў да таго, каб мы да $500 наблізіліся, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Трэба людзей падтрымліваць, чаго б гэта ні каштавала".
Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на стварэнне рабочых месц і працаўладкаванне грамадзян. "Гэта павінны быць новыя рабочыя месцы, падману тут ніякага не павінна быць, таму што будзеце падманваць самі сябе", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт таксама паставіў задачу больш актыўна працаваць са стратнымі прадпрыемствамі, асабліва з тымі, якім пагражае банкруцтва. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неабходна зрабіць усё магчымае, каб яны працавалі. "Гэтыя фразы "абанкруцім праз санацыю" - вы проста палохаеце людзей і калектывы. Ніхто не дазволіць прадпрыемствы закрываць або бяздумна прадаваць. Трэба ад гэтага адысці раз і назаўсёды і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці. Гэта мы банкруты, калі ў нас гаспадарка ці прадпрыемства такое, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Прадпрыемствы трэба ратаваць, каб людзі працавалі. Таму накіроўвайце туды каго хочаце (гэта ваша справа) і кіруйце, пакуль яно не выйдзе на нармальны ўзровень работы".