20 кастрычніка, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр
Лукашэнка даручыў пры неабходнасці ўдасканаліць сістэму безнаяўных жыллёвых субсідый. Аб гэтым ён заявіў на рэспубліканскім семінары "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны", перадае карэспандэнт БЕЛТА."Ураду трэба яшчэ раз вывучыць, як дзейнічае сістэма безнаяўных жыллёвых субсідый, і ў выпадку неабходнасці прыняць дадатковыя меры па яе ўдасканаленні", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, ні адзін чалавек, ні адна сям'я, якія не маюць магчымасці аплаціць ЖКП, не павінны заставацца без дапамогі дзяржавы. "Мы абавязаны гарантаваць падтрымку любому, хто апынецца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Менавіта з гэтай мэтай былі ўкаранёны безнаяўныя жыллёвыя субсідыі", - сказаў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што сістэма налічэння субсідый недапрацавана, з-за чаго не ўсе маючыя патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы ўлічаны. "З рэгіёнаў, ад прадпрыемстваў ЖКГ і грамадзян паступаюць шматлікія скаргі. Таму Нацыянальнаму банку трэба звярнуць пільную ўвагу на работу створанай вамі арганізацыі "Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя "Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора". Недапушчальна, каб гэта структура стала яшчэ адным нахлебнікам, пасрэднікам паміж дзяржавай і людзьмі і жыравала за іх кошт", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.