20 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць меры і падрыхтаваць прапановы па ўзмацненні адказнасці за карупцыйныя правапарушэнні. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе з актывам Мінска, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Спагнанне па пытаннях карупцыі трэба ўзмацніць. Падрыхтуйце прапановы. Мы ўзмоцнім адказнасць за карупцыйныя правапарушэнні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што ні адзін факт карупцыі не можа застацца незаўважаным, і рана ці позна вінаватых прыцягнуць да адказнасці.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што займаецца барацьбой з карупцыяй ужо на працягу многіх гадоў, і нават узначальваючы адпаведную парламенцкую камісію, меў магчымасць атрымліваць звесткі аб тых ці іншых фактах, якія нехта спрабаваў утаіць. "Звычайныя хлопцы, асабліва з МУС і КДБ, простыя лейтэнанты - аператыўнікі прыносілі мне пачкамі гэтыя дакументы. Баяліся, каб ніхто з генералаў і начальнікаў не заўважыў. За пазухай прыносілі дакументы. Дастаткова было сігналу. Потым мы самі разбіраліся. Я проста прыводжу прыклад, што немагчыма нічога ўтаіць", - расказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што калі яму дакладваюць аб фактах карупцыі ў адносінах да высокіх службовых асоб, ён заўсёды патрабуе прад'явіць канкрэтныя доказы, узяць з доказамі злачынства. "Толькі тады з майго ведама прымаюцца рашэнні. Гэтым самым я абараняю невінаватага чыноўніка. Таму што ўсялякае можа быць. Наедуць ні за што на адказнага, добрага чалавека, які любіць краіну. Таму я патрабую даклада па ўсіх напрамках, у тым ліку па буйных правапарушэннях. Не бывае выпадку, каб вы недзе нешта заказалі, жонка, сваякі і заўтра-паслязаўтра гэта не было вядома. Адразу бяром на кантроль. Праз месяц усё зразумела - цэлая схема. І вось тут даравання не чакайце", - папярэдзіў беларускі лідар.