16 красавіка, Аршанскі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў у бліжэйшы час разгледзець на ўрадавым узроўні праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця Аршанскага раёна. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 16 красавіка, наведваючы ў свята Вялікадня храм Праабражэння Гасподняга ў горадзе Барань, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вы, напэўна, ведаеце, часам бачыце, што я, калі прыязджаю, абавязкова гляджу на гэтыя цудоўныя месцы. Яны мне не чужыя. Я вельмі добра ведаю праблемы, якія складваюцца тут - Балбасава, Барань, Орша - у гэтым рэгіёне. Гэта адзін з самых складаных рэгіёнаў у Беларусі па працаўладкаванні, занятасці насельніцтва. Так быць не павінна, - сказаў Прэзідэнт у час размовы з мясцовымі жыхарамі. - І ў бліжэйшы час ва ўрадзе мы вельмі сур'ёзна разгледзім пытанні развіцця гэтага рэгіёна, асабліва гэтых населеных пунктаў ".
"Некалі гэта быў адзін з развітых раёнаў. Тут базіравалася савецкая авіяцыя стратэгічнага прызначэння. Але здарылася так, як здарылася. І з таго часу, не скажу, што мы ўжо шмат зрабілі, але неяк стараліся людзей заняць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ёсць перспектывы для развіцця малых населеных пунктаў у Аршанскім раёне і самой Оршы. Размова ідзе як аб вытворчым сектары, прыцягненні інвестыцый, так і аб будаўніцтве жылля, транспартнай інфраструктуры. "Будзем развіваць гэты рэгіён. І на працягу года-двух, паверце, мы ў асноўным здымем тыя праблемы, якія сёння існуюць", - заявіў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў і да актыўнасці саміх грамадзян: "Трэба прывыкаць да таго, што людзі павінны ісці за работай. Не работа да людзей, а так, як прынята ва ўсім свеце".
Прэзідэнт растлумачыў, што трэба будзе ўдзяліць увагу развіццю менавіта малых населеных пунктаў, асабліва дзе ёсць добрая інфраструктура. А за кошт удасканалення транспартных зносін жыхары змогуць даволі хутка дабірацца на работу ў суседнія, больш буйныя населеныя пункты.
"І хачу вам публічна сказаць, што і начальнікі тут мясцовыя вельмі павольна варушацца. Пасяджэнне ўрада мы правядзём тут, на месцы. Але да гэтага часу вы (кіраўніцтва на месцах. - Заўвага. БЕЛТА) паварушыцеся", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. У якасці прыкладу ён прывёў той факт, што месцамі па-ранейшаму застаюцца незадзейнічанымі некаторыя аб'екты, якія пустуюць яшчэ з савецкіх часоў.
"Гэта не справа, што самыя добрыя прыгожыя месцы, прыдатныя для жыцця людзей, мы не можам прывесці ў парадак. Не скажу, што яны не ў парадку, але яны павінны быць яшчэ лепшымі, і людзі павінны мець тут работу. Вось гэта галоўнае пытанне , якое мяне хвалюе. Справа не ў тым, што гэта мая радзіма. Мая радзіма сёння - уся Беларусь. Але гэта месца заслугоўвае свайго развіцця, таму што інфраструктура тут адпаведная ", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Паверце, мы ўмеем рабіць усё. Часам і людзі нашы не вельмі актыўныя, чакаюць чагосьці ад Госпада, але і ўлады не заўсёды варушацца так, як трэба. Я гэта прызнаю. Жывіце доўга, моцнага вам здароўя. Усе праблемы, паверце, мы вырашым ", - рэзюмаваў Прэзідэнт.