19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, даручыў Генпракуратуры падрыхтаваць комплекс новых антыкарупцыйных мер, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Па маім даручэнні ў мінулым годзе праведзены пасяджэнні аблвыканкамаў па пытанні процідзеяння карупцыі. Мы ўсіх папярэдзілі з нізу да верху. Выпрацаваны канкрэтныя прапановы па павышэнні адказнасці за сітуацыю ў гэтай сферы на ўсіх узроўнях кіравання. Генеральнай пракуратуры, якую я не вельмі бачу ў барацьбе з карупцыяй, - падрыхтаваць комплекс мер па ўстараненні прычын і ўмоў, што спараджаюць карупцыю", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што беларускае заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй з'яўляецца адным з самых суровых у плане санкцый, якія прымяняюцца да парушальнікаў. Работа па процідзеянні карупцыйным праявам праводзіцца на сістэмнай аснове, а яе вынікі максімальна адкрыты.
"Але, як паказвае практыка, нягледзячы на вельмі сур'ёзныя меры адказнасці, пакуль яшчэ не да ўсіх дайшла простая ісціна аб катэгарычнай недапушчальнасці хабарніцтва і казнакрадства. Пры гэтым маштаб злачынных схем не можа не насцярожваць і патрабуе ад нас прыняцця дадатковых мер барацьбы з такімі ўчынкамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што важна якасная прафілактычная работа, асабліва ў тых сферах, дзе карупцыйныя рызыкі найбольш высокія. Гэта галоўная задача не толькі для праваахоўнікаў, але і для кіраўнікоў ва ўсіх галінах эканомікі.
Акрамя таго, трэба сфарміраваць у людзей нецярпімыя адносіны да карупцыі ва ўсіх яе формах і праявах, актыўней прыцягваць да дзейнасці па барацьбе з ёй шырокія слаі насельніцтва.
"Попыт на справядлівасць у нашым грамадстве заўсёды быў высокі, і сёння ён не ніжэйшы. Я ўжо прыводзіў Расію, Украіну, суседнія, заходнія дзяржавы, ды і іншыя, дзе на сцягах тых, хто выступае на дэманстрацыях, напісана адно слова - "справядлівасць". Нас Гасподзь навёў на гэты шлях барацьбы за справядлівасць з першых дзён майго прэзідэнцтва. Як бачыце, гэты тэзіс сёння запатрабаваны як ніколі", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.