23 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2018 - першым паўгоддзі 2019 года будуць добраўпарадкаваны і адноўлены мемарыялы і помнікі воінскай славы, адзіночныя і брацкія магілы воінаў, якія загінулі ў гады Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, воінскія могілкі, асобныя воінскія ўчасткі агульных могілак, месцы масавага пахавання грамадзянскага насельніцтва. Адпаведнае распараджэнне падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Савету Міністраў даручана забяспечыць зацвярджэнне правіл добраўпарадкавання месцаў пахаванняў. Яны прадугледжваюць устанаўленне рэжымаў аховы і выкарыстання гэтых месцаў і накіраваны на захаванне грамадскага парадку, папярэджанне пашкоджання, разбурэння, знішчэння і іншага шкоднага ўздзеяння на іх, выкліканага гаспадарчай або іншай дзейнасцю.
Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы надзяляюцца выключнай кампетэнцыяй на прыняцце рашэнняў, якія датычацца ўтрымання, добраўпарадкавання і падтрымання ў належным санітарным стане месцаў пахаванняў.
Аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму даручана забяспечыць добраўпарадкаванне і аднаўленне месцаў пахаванняў, арганізаваўшы пры неабходнасці правядзенне конкурсаў на архітэктурна-мастацкае рашэнне месцаў, якія добраўпарадкоўваюцца, вызначэнне заказчыкаў і выканаўцаў адпаведных работ. Яны таксама павінны будуць пры фарміраванні абласных бюджэтаў і бюджэту Мінска на чарговы фінансавы год прадугледзець сродкі на рэалізацыю гэтага распараджэння і прыняць меры па прыцягненні добраахвотных ахвяраванняў ад айчынных і замежных юрыдычных і фізічных асоб.
Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні і аднаўленні месцаў пахаванняў будуць праведзены ў мэтах падрыхтоўкі да святкавання 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і фарміравання паважлівага стаўлення да падзей гісторыі дзяржавы, што прывялі да масавых ахвяр сярод грамадзянскага насельніцтва.