14 лістапада, Магілёў /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Асноўныя работы па добраўпарадкаванні Магілёва павінны быць завершаны да 2020 года. Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў у час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні яго даручэнняў аб добраўпарадкаванні і архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі мікрараёнаў і асноўных транспартных магістралей горада, перспектывах развіцця абласнога цэнтра. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што з правядзеннем работ нельга цягнуць. "Да 2020 года Магілёў павінен стаць прыгожым. Як Гомель, як Гродна, прыгожыя гарады, там вычварнага і звышнатуральнага нічога няма. Але Магілёў адстаў, даводзіць трэба да ладу", - звярнуў увагу Прэзідэнт. Грошы пры добраўпарадкаванні горада неабходна ўкладваць, вызначаючы прыярытэтнасць аб'ектаў.
Пры гэтым, адзначыў кіраўнік дзяржавы, неабходна шукаць інвестараў, якія фінансавалі б узвядзенне тых ці іншых будынкаў. "Канцэпцыя - гэта добра, намалюем, і будзе ляжаць. Патрэбны канкрэтны інвестар", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт азнаёміўся з рэканструкцыяй аўтамабільнага моста праз Днепр па Пушкінскім праспекце, добраўпарадкаваннем набярэжнай ракі і прылеглых тэрыторый, уладкаваннем падземнага пераходу і фотагалерэяй гісторыі развіцця архітэктуры Магілёва. На ўездзе на мост у абодвух напрамках устаноўлены чатыры скульптуры бронзавых ільвоў на гранітных пастаментах як даніна адной з легенд аб паходжанні горада. Дадаткова ўезд на мост з боку вуліцы Чалюскінцаў упрыгожваюць дзве гранітныя стэлы, якія былі ўстаноўлены для захавання гістарычнага аблічча моста. Таксама з транспартнай развязкай цесна звязана размешчаная ў непасрэднай блізкасці ад яе плошча Славы, адкуль адкрываецца панарамны від на Днепр і левабярэжную частку горада.
Пры правядзенні земляных работ па пашырэнні праезнай часткі Пушкінскага праспекта быў знойдзены фундамент Троіцкай царквы. З-за важнай археалагічнай знаходкі ў праектна-каштарысную дакументацыю былі ўнесены змяненні: была перанесена веладарожка, зроблена падпорная сценка з прыроднага каменю, добраўпарадкавана тэрыторыя каля знойдзенага фундамента, а сам фундамент закансерваваны.
У складзе транспартнай развязкі пабудаваны падземны пешаходны пераход праз вуліцу Чалюскінцаў, ва ўнутранай аддзелцы якога прыменена ўдаратрывалае шкло - трыплекс з падсветкай з выявай гістарычных выдатных мясцін Магілёва. Яны былі нанесены на шкло з дапамогай керамічнага друку. Тут жа прадугледжаны элемент безбар'ернага асяроддзя - ліфт для спуску ў падземны пераход асоб з абмежаванымі магчымасцямі.