24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час азнаямлення з добраўпарадкаваннем і развіццём тэрыторый, якія прылягаюць да кальцавой аўтадарогі вакол Мінска, даручыў актыўней развіваць МКАД і прыдарожныя ўчасткі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я шмат гаварыў аб тым, што хацеў бы бачыць уздоўж гэтых дарог. Але пакуль работа ідзе так сабе. Дзе-нідзе я, напэўна, і не бачу гэтай работы, таму што не ўсюды бываю. І сёння я хацеў бы проста вам усім абазначыць канкрэтна, якой павінна быць дарога і прыдарожныя ўчасткі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што ўдзяляе вялікае значэнне мадэрнізацыі дарог і развіццю прыдарожнай інфраструктуры, таму што гэта твар краіны. "Я часта вас крытыкую за дарогі, за парадак, іншыя напрамкі, звязаныя з нашай прыродай. Чаму сёння дарогі і перш за ўсё першая кальцавая аўтадарога? Гэта твар Мінска. Мінск - твар краіны, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Тут госці, людзі часта ездзяць па гэтых дарогах. І справа нават не толькі ў тым, што хутка прыедзе шмат гасцей з усяго свету на Еўрапейскія гульні. Калісьці трэба было гэту работу актывізаваць".
Аляксандру Лукашэнку далажылі аб выкананні яго даручэнняў па падтрыманні ў належным эксплуатацыйным стане кальцавой аўтамабільнай дарогі і транспартных развязак вакол Мінска, добраўпарадкаванні і развіцці прылеглых да МКАД тэрыторый.
Прэзідэнту таксама прадэманстравалі пасажырскі транспарт, які будзе выкарыстоўвацца ў час Еўрапейскіх гульняў, у тым ліку аўтобусы МАЗ і "Нёман", аўтамабілі Geely Atlas. Каля 320 беларускіх красовераў будуць эксплуатавацца ў час гульняў у якасці таксі для прадстаўнічых гасцей. Пасля спаборніцтваў машыны размяркуюць па дзяржаўных структурах і мясцовых органах улады, далажыў мэр Мінска Анатоль Сівак.
Размаўляючы з вадзіцелямі, кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што яму падабаецца Geely Atlas. "Добрая машына", - ацаніў Прэзідэнт. Ён дадаў, што пара развіваць і вытворчасць электрамабіляў.
Пасля Аляксандр Лукашэнка ў якасці пасажыра аўтобуса, упрыгожанага сімволікай маючых адбыцца II Еўрапейскіх гульняў, азнаёміўся з добраўпарадкаваннем кальцавой дарогі. Разам з ім у аўтобусе былі кіраўнікі Мінска і Мінскай вобласці, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, старшыня Камітэта дзяржкантролю, віцэ-прэм'ер Уладзімір Кухараў і іншыя чыноўнікі, а таксама журналісты. Фактычна ім была прадастаўлена ўнікальная магчымасць убачыць і пачуць з першых вуснаў тое, як, на думку кіраўніка дзяржавы, павінны ўтрымлівацца тэрыторыі ўздоўж МКАД. Аляксандр Лукашэнка агледзеў кальцавую на ўсёй яе працягласці і па многіх пунктах даў дэталёвыя даручэнні. Па ходзе руху ён наглядна прыводзіў прыклады як удачнага афармлення прыдарожных тэрыторый, так і ўказваў на яўныя недахопы.
Па шляху руху аўтобус не раз спыняўся. Адным з такіх прыпынкаў стала ўрочышча Курапаты, дзе нядаўна былі праведзены работы па добраўпарадкаванні. "Тут трэба заняцца дадаткова пасадкай дрэў. І яны, хто там ляжыць (яны нас бачаць), скажуць дзякуй. Па перыметры туі можна, - адзначыў беларускі лідар. - Падумайце, як канчаткова добраўпарадкаваць Курапаты. Некалі мы яшчэ пройдзем, паглядзім. Але недапушчальна, каб хтосьці тут нешта рабіў без дазволу. Гэта ж палітычная дэманстрацыя. Гэта некаму патрэбна. Можаш прыйсці, калі ласка, памаліся, пакладзі кветкі і ідзі, не перашкаджай гэтым людзям".
У цэлым кіраўнік дзяржавы патрабуе больш актыўных і прадуманых работ па азеляненні ўздоўж МКАД. Асаблівая ўвага - развязкам, адкосам, пустуючым тэрыторыям. Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным не толькі высаджваць дрэвы, але і больш выкарыстоўваць традыцыйную для Беларусі кустовую расліннасць. А замест высокіх агароджаў, якія псуюць выгляд, лічыць ён, можна высадзіць дрэвы, напрыклад туі, якія створаць жывую зялёную агароджу. Прэзідэнт звярнуў увагу, што трэба і больш дасканала сачыць за ўжо зробленымі пасадкамі. "Трэба правяраць. Калі загінулі - падсаджваць. Калі адзін (саджанец, які не прыжыўся. - Заўвага БЕЛТА) з 10-15 - гэта дапускаецца, але калі праз адзін загінуў - гэта ненармальна", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што трэба з прыцягненнем дызайнераў выпрацаваць планы па добраўпарадкаванні адпаведных тэрыторый як з аднаго, так і з другога боку МКАД. Трэба аператыўна прыняць рашэнні адносна магчымай забудовы тых ці іншых участкаў, перадачы іх інвестарам, хутчэйшага завяршэння пачатага ўжо будаўніцтва. Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што за кожным уладальнікам прылеглых да МКАД аб'ектаў павінна быць дакладна замацавана адказнасць за ўтрыманне і добраўпарадкаванне тэрыторыі. "Усе аб'екты - магазіны, заправачныя станцыі і іншае - гэта іх зона адказнасці", - заявіў кіраўнік дзяржавы. Актыўны ўдзел павінны праявіць і ўладальнікі жылых дамоў, чые ўчасткі непасрэдна прымыкаюць да кальцавой дарогі. У аналагічным ключы абмяркоўвалася ўтрыманне сельгасугоддзяў, якія сваім выглядам у тым ліку фарміруюць твар беларускай сталіцы і краіны ў цэлым.
"Павінен сказаць, што за суткі вы больш зрабілі, чым за год. Гэта сведчыць аб тым, што трэба прыязджаць і глядзець, і не толькі мне. За суткі і абкасілі, і выраўнялі, і паліваюць. Так трэба і працаваць. Ну і давайце прыводзіць у парадак", - адзначыў Прэзідэнт, падводзячы вынікі паездкі. Аляксандр Лукашэнка даручыў гэта зрабіць, не зацягваючы, - прыкладна за год, каб падрыхтаваць пасадачны матэрыял, канчаткова вызначыцца з будаўніцтвам тых ці іншых аб'ектаў. "Рабіце самі. Калі ўжо ўзгадніць трэба, то адным пісьмом узгаднілі і ўсё. Каб вы самі маглі прыводзіць гэта ў парадак так, як мы з вамі дамовіліся. Але і лічыце грошы", - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба зрабіць так, каб замежныя госці, якія прыязджаюць у Беларусь, бачылі, што ў краіне клапоцяцца аб прыродзе.