15 жніўня, Маларыцкі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў аднавіць сістэму райаграсэрвісаў ва ўсіх раёнах краіны. Адпаведнае даручэнне ён даў сёння ў час наведвання ААТ "Маларыцкая райаграпрамтэхніка", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ні ў якім разе нельга разбурыць тую інфраструктуру, якая некалі была створана. Мы іх павінны адрадзіць ва ўсіх раёнах. Трэба пашыраць сферу паслуг. І калі ў вас будзе нармальны кошт і вы якасна зробіце, то да вас прыйдзе і прыватнік", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такія абслуговыя арганізацыі арыентаваны не толькі на сельгаспрадпрыемствы, але і на ўвесь раён у цэлым, у тым ліку фермераў, асобных грамадзян. "Гэта ў старшыні райвыканкама павінен быць магутны сродак кіравання", - сказаў кіраўнік дзяржавы, гаворачы пра ролю райаграсэрвісу. Ён таксама нагадаў, што раней даручаў аднавіць у раёнах будаўнічыя перасовачныя механізаваныя калоны, каб максімальна задзейнічаць іх патэнцыял у сферы будаўнічых паслуг.
Паводле слоў Прэзідэнта, перш за ўсё ў райаграсэрвісах неабходна дакладна вызначыцца з коштам тых ці іншых паслуг, каб цана была канкурэнтаздольная і прывабная для патэнцыяльных заказчыкаў. Акрамя таго, важна пашыраць іх пералік.
У час наведвання ААТ "Маларыцкая райаграпрамтэхніка" Аляксандр Лукашэнка выказаў немалую долю крытыкі наконт знешняга выгляду і ўтрымання вытворчых памяшканняў. Прыбыўшы на прадпрыемства, кіраўнік дзяржавы ўбачыў у многім безгаспадарчы падыход да справы. "Да 1 студзеня тут павінен быць наведзены парадак!" - даручыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што некаторыя невыкарыстоўваемыя вытворчыя памяшканні выстаўляюцца на аўкцыён у пошуках прыватнага інвестара. Аднак пры гэтым не прыкладаюцца ніякія намаганні, каб самастойна задзейнічаць гэтыя плошчы пад нейкія новыя віды работ ці паслуг.
У Маларыцкім раёне Прэзідэнт таксама наведаў сельгаспрадпрыемства "Савушкіна", дзе назіраецца абсалютна іншая карціна з пункту гледжання гаспадарлівага падыходу і арганізацыі вытворчага працэсу. Прадпрыемства працуе з прыбыткам і ўстойліва развіваецца. "Тут няма нічога таго, чаго няма ў краіне, толькі ідэальны парадак і адказнасць. Тэхналагічная і кадравая дысцыпліна - гэта галоўнае", - падкрэсліў беларускі лідар.
Тут размова ішла не толькі аб рабоце гэтага паспяховага прадпрыемства, але і аб праблемных сельгасарганізацыях раёна, шляхах павышэння эфектыўнасці іх работы. Прэзідэнт падрабязна цікавіўся рознымі тэхналагічнымі працэсамі.
У час наведвання адной з ферм сельгаспрадпрыемства "Савушкіна" Аляксандру Лукашэнку падарылі карову для асабістай падсобнай гаспадаркі. Прэзідэнт з удзячнасцю прыняў падарунак.