27 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праваахоўнікі павінны ўзмацніць работу па барацьбе з пастаўшчыкамі наркотыкаў у краіну, а не ганяцца за "драбязой". Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы змагаемся супраць наркаманаў, а дзе тыя, хто сёння партыямі пастаўляюць гэту наркату ў Беларусь? Вось хто галоўны злачынец, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Клапоцячыся толькі аб паказчыках, ніякай размовы аб эфектыўнай ліквідацыі каналаў паступлення наркотыкаў у краіну ісці не можа. Вядома, значна лягчэй атрымаць хуткі вынік за кошт "драбязы", а сітуацыя на самай справе будзе толькі пагаршацца".
Прэзідэнт звярнуў увагу, што дзяржава рэалізуе цэлы комплекс мер па барацьбе з незаконным абаротам наркотыкаў і процідзеянні наркаманіі. МУС дакладвае аб паспяховай рабоце ў гэтым напрамку. Аднак кіраўнік дзяржавы ўсумніўся, ці не працуюць адпаведныя падраздзяленні ўнутраных спраў выключна на статыстыку. "Ці не хаваецца за дасягнутымі поспехамі барацьба з дробнымі збытчыкамі наркотыкаў або тымі, хто сеў на гэту іглу?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.