24 лістапада, Буда-Кашалёва /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Пытанні развіцця і добраўпарадкавання Буда-Кашалёва, павышэнне пенсій - гэтыя і многія іншыя хвалюючыя мясцовых жыхароў тэмы абмеркаваў з гараджанамі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе размовы з імі ў час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праграма рабочай паездкі прадугледжвала ў тым ліку наведванне сацыяльных аб'ектаў, а таксама сустрэчу з мясцовымі жыхарамі. Але адна з такіх сустрэч узнікла па-за прадугледжанай праграмай, калі Аляксандр Лукашэнка нечакана накіраваўся да людзей, якія сабраліся з нагоды яго прыезду ў горад.
Прэзідэнт пацікавіўся, што хвалюе гараджан, якімі праблемамі яны заклапочаны больш за ўсё. Бо важнай тэмай наведвання рэгіёна былі таксама пытанні, звязаныя з сацыяльным развіццём, медыцынскім абслугоўваннем, стварэннем умоў для дзяцей, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях.
Мясцовыя жыхары сардэчна віталі Аляксандра Лукашэнку і выказалі некаторыя пажаданні, каб зрабіць горад яшчэ больш зручным для людзей. У прыватнасці, яны звярнулі ўвагу на складанасці, якія ёсць з пераходам чыгункі.
Аляксандр Лукашэнка, уважліва выслухаўшы гэтыя і іншыя пажаданні, даручыў кіраўніцтву раёна дакладна вывучыць усе акрэсленыя праблемы і прыняць рашэнні перш за ўсё з улікам інтарэсаў людзей.
Закранаючы тэму павышэння пенсій, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Будзем працаваць яшчэ лепш, будзем эканоміку паднімаць, і пенсіі будуць расці".