9 ліпеня, Уфа /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Міждзяржаўнае аб'яднанне БРІКС імкліва ператвараецца ў важную і запатрабаваную процівагу ў складаным працэсе фарміравання шматпалярнага свету. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на сустрэчы кіраўнікоў краін, што ўваходзяць у БРІКС, з лідарамі запрошаных дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Краіны, што ўваходзяць у БРІКС, не ўвязваюць супрацоўніцтва і ўзаемную дапамогу з нейкімі дадатковымі ўмовамі. Яны не імкнуцца дыктаваць сваю волю іншым дзяржавам", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
На яго думку, цяпер краіны БРІКС сталі "лакаматывамі" эканамічнага развіцця, што асабліва важна для стабілізацыі сітуацыі ў сусветнай эканоміцы. "Яны дапамагаюць іншым краінам забяспечыць посткрызіснае аднаўленне, - сказаў беларускі лідар. - Больш таго, сёння ўсе ўдзельнікі БРІКС становяцца рэальнымі цэнтрамі інтэграцыйнага прыцяжэння ў сваіх рэгіёнах".
"Скажу шчыра: такія падыходы і тэндэнцыі сугучны з філасофіяй і практычнымі крокамі нашай краіны", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Для вядучых сусветных ігракоў відавочны ўклад дзяржаў БРІКС у фарміраванне гарманічных і справядлівых міжнародных адносін. Таму любыя спробы вырашаць сусветныя праблемы без іх удзелу - непрадуктыўныя", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь высока ацэньвае прадастаўленую магчымасць для прамога і адкрытага дыялогу з лідарамі БРІКС і іншых дзяржаў, прымаючых удзел у сённяшнім форуме.
"Упэўнены, што наша сустрэча закладзе аснову для пашырэння і актывізацыі адносін паміж прадстаўленымі тут краінамі", - сказаў ён.