29 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста выказаў глыбокія спачуванні Прэзідэнту Пакістана Мамнуну Хусэйну, родным і блізкім загінулых у выніку тэрарыстычнага акта ў Лахоры. Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў пажаданні хутчэйшага выздараўлення пацярпелым. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Трагедыя ўсхвалявала беларускае грамадства, якое, маючы ўласны горкі вопыт, шчыра спачувае болю брацкага народа, - гаворыцца ў спачуванні. - Масавае забойства жанчын і дзяцей падкрэслівае поўную беспрынцыповасць заказчыкаў і выканаўцаў тэрактаў, прымушае рашуча змагацца з тэрарызмам і экстрэмізмам".
Беларусь заўсёды будзе салідарна з Пакістанам у бескампрамісным процістаянні такім злачынствам, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама накіраваў спачуванні ў сувязі з трагічнай гібеллю бязвінных грамадзян прэм'ер-міністру Пакістана Навазу Шарыфу.