17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-расійскія адносіны маюць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы з прадстаўнікамі расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Хачу адзначыць, што мы выконваем усе дамоўленасці з Расіяй у рамках Саюзнай дзяржавы, АДКБ, ЕАЭС. Адстойваем эканамічныя інтарэсы, спыняючы спробы ўвозу заходніх тавараў, што падпалі пад эмбарга. Адначасова праводзім работу па іх замяшчэнні нашай прадукцыяй. У сувязі з няпростай сітуацыяй на гандлёвых рынках прапануем унесці ў прававую базу паняцце "Тавар Саюзнай дзяржавы". Гэта забяспечыла б аднолькавы доступ нашых і вашых вырабаў да нацыянальных і рэгіянальных праграм падтрымкі айчынных вытворцаў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Ужо цяпер беларуска-расійскія адносіны маюць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень і даць чарговы штуршок хутчэйшаму станаўленню Еўразійскага эканамічнага саюза, - заявіў Прэзідэнт. - Падкрэслю, што асновай для яго стварэння стала менавіта Саюзная дзяржава. Пры ўсім маштабе мэт і задач, якія адлюстраваны ў Дагаворы аб стварэнні ЕАЭС, гэтаму інтэграцыйнаму аб'яднанню па шэрагу напрамкаў яшчэ трэба будзе падняцца да ўзроўню нашага з вамі саюза".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што грамадзяне абедзвюх краін прывыклі ўжо да адсутнасці граніц паміж дзвюма дзяржавамі, аднолькавага доступу да адукацыі, паслуг аховы здароўя, адзіных падыходаў да сістэмы сацыяльных гарантый, бесперашкоднага працаўладкавання, свабоды перамяшчэння і выбару месца жыхарства.
"Нашы моцныя саюзніцкія адносіны нязменна праяўляюцца і на міжнароднай арэне, дзе мы сутыкаемся з новымі пагрозамі і выклікамі. Сёння планету трасе ад міжусобіц, тэрарызму і ваенных канфліктаў. Не раз абмяркоўваючы гэтыя пытанні з Прэзідэнтам Расіі, мы дэманстравалі ў іх ацэнцы поўную згоду. Разыходжання па міжнародным парадку дня ў дзвюх дзяржаў няма. І не выпадкова, калі размова ідзе аб ключавых пытаннях міжнароднай палітыкі, Беларусь і Расія выступаюць адзіным фронтам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У гэты няпросты час, выказаў упэўненасць Прэзідэнт, беларусам і расіянам трэба трымацца разам. Быць моцнымі, умець прымусіць лічыцца з сабой, разам адстойваць свае інтарэсы. "У нас ёсць ні з чым не параўнальная каштоўнасць - мір і згода ў доме. Усімі сіламі мы абавязаны берагчы гэты здабытак. Каб за спакойнае жыццё людзей не давялося плаціць крывёй, як гэта адбываецца ў многіх мясцінах. На вялікі жаль, і ў вельмі блізкай і роднай нам Украіне. У нас з вамі агульны боль, агульная слава, агульная будучыня. І вы ніколі не будзеце ў Беларусі чужымі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.