29 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ўключыцца ў інтэграцыйныя працэсы на прасторы БРІКС. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 ліпеня на нарадзе па міжнародных пытаннях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь запрошана на саміт БРІКС, які хутка пройдзе ў Казані. Гэта сур'ёзная структура аб'ядноўвае магутнейшыя дзяржавы планеты, ахоплівае больш за 40 працэнтаў насельніцтва Зямлі, заўважыў Прэзідэнт. "І мы зацікаўлены ўключыцца ў інтэграцыйныя працэсы на гэтай прасторы, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - БРІКС - яшчэ адна апора, з дапамогай якой мы зможам захоўваць раўнавагу і эканамічную ўстойлівасць".
Прэзідэнт даручыў МЗС сфарміраваць план беларускага ўдзелу на гэтай пляцоўцы і яго двухбаковых сустрэч.
Адным з членаў БРІКС з`яўляецца і Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, у развіцці супрацоўніцтва з якой кіраўнік беларускай дзяржавы таксама бачыць перспектывы. "Сёння толькі мне Калаур (старшыня праўлення Нацбанка. - Заўвага БЕЛТА) далажыў аб паездцы ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Я таксама неяк ставіўся да гэтага: думаю, ПАР - у іх пэўная арыентацыя (у знешняй палітыцы. - Заўвага БЕЛТА), ведаеце, якая. Але не тое што ніякага непрымання - ёсць просьба, каб мы працавалі ў ПАР. Развітая, нябедная краіна", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка такім чынам адзначыў, што да пераліку партнёраў Беларусі на Афрыканскім кантыненце можна дабавіць і ПАР. А гэта, напрыклад, Экватарыяльная Гвінея і Нігерыя на захадзе кантынента, Кенія - на ўсходзе, Зімбабвэ і Мазамбік - на поўдні.
"Не трэба расплывацца па ўсіх кантынентах. Я яшчэ раз гавару: у нас не тая эканоміка, каб глабалізмам займацца, трэба вызначыцца ў кожнай кропцы, чым мы будзем займацца, і зрабіць гэта", - падкрэсліў беларускі лідар.
Гаворачы пра саміт БРІКС, Аляксандр Лукашэнка адзначыў наяўнасць ініцыятывы дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу аб падрыхтоўцы ад імя УНС звароту аб міры і ўнясенні яго на разгляд у БРІКС. "Вывучыце, далажыце", - даручыў ён.