6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў дынамічным развіцці дзяржаў Афрыкі. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы ад паслоў замежных дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь зацікаўлена ў дынамічным развіцці дзяржаў Афрыкі. Упэўнены, што ў нас ёсць вялікія перспектывы для пашырэння ўзаемадзеяння з імі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прымаючы даверчую грамату пасла Зімбабвэ ў Беларусі Майка Нікаласа Санга, кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў захаванне высокага ўзроўню палітычных адносін з гэтай краінай. "Нам ёсць што прапанаваць адзін аднаму ва ўсіх сферах, перш за ўсё ў гандлёва-эканамічнай. Мы будзем удзячны новаму паслу за павышэнне эфектыўнасці ў рэалізацыі патэнцыялу супрацоўніцтва", - дадаў Прэзідэнт.
У якасці важнейшага партнёра на афрыканскім кантыненце Беларусь разглядае Эфіопію. "Дружба, што захоўваецца з часоў Савецкага Саюза, а таксама падобныя пазіцыі па многіх пытаннях міжнароднага жыцця пацвярджаюць неабходнасць далейшага ўмацавання ўсебаковых адносін Мінска і Адыс-Абебы", - сказаў беларускі лідар, прымаючы даверчую грамату пасля Эфіопіі Грума Абая Тэшомэ.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь імкнецца павысіць узровень узаемадзеяння з Суданам і разлічвае на такі ж падыход з яго боку. Прымаючы даверчую грамату пасла гэтай краіны Надзіра Юсіфа Эльтаіба Бабікера, Аляксандр Лукашэнка адзначыў актывізацыю кантактаў паміж дзяржавамі, якая назіраецца апошнім часам.
Прымаючы даверчыя граматы ад пасла Гвінеі Махамеда Кейта і пасла Ганы Кодзу Кпоку Алаба, Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што супрацоўніцтва з гэтымі ўплывовымі членамі Эканамічнага супольніцтва краін Заходняй Афрыкі дасць добрыя магчымасці для папулярызацыі беларускай прамысловай прадукцыі і развіцця вытворчай кааперацыі.