26 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Федэральнага прэзідэнта Аўстрыйскай Рэспублікі Аляксандра Ван дэр Белена з Нацыянальным святам. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Беларусь зацікаўлена ў далейшым пашырэнні двухбаковых сувязей і разлічвае на больш выніковае ўзаемадзеянне ў мэтах падтрымання дыялогу з Еўрапейскім саюзам", - гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што канструктыўны і шчыры характар перагавораў, якія адбыліся ў час афіцыйнага візіту на вышэйшым узроўні ў Вену, чарговы раз пацвердзіў наяўнасць вялікага патэнцыялу для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў. "Мы заўсёды вельмі адказна падыходзілі да выканання дасягнутых дамоўленасцей. Сведчаннем гэтага з'яўляецца ўстаноўлены ў Трасцянцы мемарыял, розныя інвестыцыйныя праекты, шматгадовыя гуманітарныя сувязі і кантакты паміж беларусамі і аўстрыйцамі", - адзначыў Прэзідэнт.
"У сённяшніх няпростых умовах мы не павінны дапусціць, каб усё дасягнутае было страчана", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандру Ван дэр Белену ён пажадаў моцнага здароўя і плённай дзяржаўнай дзейнасці, а жыхарам Аўстрыі - міру і згоды.