30 кастрычніка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь не можа не закранаць крызіс ва Украіне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 кастрычніка, выступаючы ў ходзе аператыўнага збору каманднага складу Узброеных Сіл краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку кіраўніка дзяржавы, існуючыя геапалітычныя рэаліі аказваюць непасрэдны ўплыў на Беларусь. "У сувязі з гэтым трэба спыніцца на шэрагу негатыўных тэндэнцый, якія нясуць у сабе рызыкі і выклікі нашай нацыянальнай бяспецы, а значыць, патрабуюць асаблівай увагі і адэкватнага рэагавання, - адзначыў Прэзідэнт. - Пры гэтым вельмі важна ўлічваць асаблівасці развіцця ваенна-палітычнай сітуацыі ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне".
"Перш за ўсё нашу краіну не можа не закранаць крызіс ва Украіне, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Мы ведаем рэжысёраў і рэальных удзельнікаў учыненага там дзяржаўнага перавароту і распачатай пасля гэтага вайны".
Прэзідэнт падкрэсліў, што захоўваецца патэнцыял і актыўнасць радыкальных нацыяналістычных груповак, якія то тут, то там імкнуцца сілавымі метадамі змагацца за перадзел сфер уплыву ў бізнесе. Расце злачыннасць і некантралюемае распаўсюджванне зброі. Адзначаюцца спробы яе ўвозу на нашу тэрыторыю.
Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што відавочная знешнепалітычная пераарыентацыя нашай паўднёвай суседкі ў бок Захаду можа прывесці да размяшчэння на яе тэрыторыі замежных воінскіх кантынгентаў.