4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуру з 25-годдзем устанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма краінамі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на працягу невялікага ў маштабах гісторыі перыяду Мінск і Каракас, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, змаглі пабудаваць моцныя і дружалюбныя двухбаковыя сувязі. "За чвэрць стагоддзя нашы адносіны выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства, надзейным фундаментам якога з'яўляюцца агульныя погляды на справядлівае светаўладкаванне, а таксама намаганні і воля вашага папярэдніка Уга Чавеса, які быў маім блізкім сябрам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар лічыць, што такая аснова дае магчымасць пашыраць супрацоўніцтва ў самых розных галінах на прынцыпах узаемнай выгады і павагі, выпрацоўваць агульныя падыходы да вырашэння глабальных праблем, абараняць незалежнасць і адстойваць нацыянальныя інтарэсы нашых дзяржаў на міжнароднай арэне ў сённяшні няпросты час.
Наяўнасць вялікага патэнцыялу двухбаковага ўзаемадзеяння даказваюць і вынікі праведзенага ў снежні 2021 года ў Каракасе чарговага пасяджэння Беларуска-венесуэльскай сумеснай камісіі высокага ўзроўню, канстатаваў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў імкненне Беларусі да далейшага ўмацавання палітычных і гандлёва-эканамічных сувязей з Венесуэлай і пажадаў Прэзідэнту гэтай краіны выдатнага здароўя і новых поспехаў у адказнай дзяржаўнай дзейнасці, а народу - міру і дабрабыту.