19 лютага, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Беларусь адкрыта да канструктыўнага дыялогу з НАТА на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад камандным складам Узброеных Сіл, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нават у такіх няпростых знешніх умовах Беларусь не адступіць ад рэалізацыі міралюбівай знешняй палітыкі, будзе і ў далейшым абараняць свае інтарэсы.
"Вядома, мы хацелі б і ў далейшым апірацца на моц брацкай Расіі пры натуральным уліку нашых інтарэсаў у сферы суверэнітэту і незалежнасці Беларусі", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь таксама разглядае супрацоўніцтва ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы як гарант бяспекі краіны і забеспячэння стабільнасці на Еўразійскім кантыненце.
Аднак, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта не значыць, што Беларусь адмаўляецца ад узаемадзеяння з іншымі краінамі і ваенна-палітычнымі арганізацыямі.
"Як суверэнная дзяржава мы адкрыты ў тым ліку да канструктыўнага дыялогу з НАТА на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці. У нас ёсць шмат агульных пытанняў, сумесная работа над якімі ў поўнай меры адпавядае інтарэсам Беларусі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.