8 чэрвеня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Беларусі і Расіі трэба актыўна прадаўжаць збліжэнне прававой базы ў сацыяльна-гуманітарнай сферы. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Уніфікацыю і збліжэнне прававой базы ў сацыяльна-гуманітарнай сферы нам трэба актыўна прадаўжаць і далей, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым трэба ўлічваць высокую ступень эканамічнай інтэграцыі, агульны рынак працы і падобныя сацыяльна-дэмаграфічныя ўмовы".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што больш глыбокай гарманізацыі патрабуе заканадаўства ў галіне аховы здароўя. "Сістэмы яго арганізацыі могуць мець адрозненні, але неабходна ўрэгуляваць механізм роўнадаступнасці медыцынскіх паслуг, узаемных паставак лекавых сродкаў, іншыя пытанні. Добра, што на форуме ідзе пошук падыходаў да вырашэннях гэтых праблем", - лічыць Прэзідэнт Беларусі.
Цяперашні Форум прысвечаны сацыяльна-гуманітарным пытанням. "Трэба прызнаць, што на гэты час у гэтай сферы зроблена нямала. Грамадзяне нашых краін маюць роўныя правы ў галіне аплаты, умоў і аховы працы, у пенсійным забеспячэнні. Створана нарматыўная база, якая забяспечвае свабодны доступ да атрымання адукацыі. Зроблены канкрэтныя крокі па фарміраванні адзінай прасторы ў ахове здароўя, культуры, спорце, турызме", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Менавіта на беларускай зямлі два гады таму была закладзена добрая традыцыя правядзення форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Першыя два з іх, што адбыліся ў Мінску і Сочы, сталі фундаментальнымі пляцоўкамі для канструктыўнага дыялогу па пытаннях эканамічнай інтэграцыі, міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, ім удзялялася самая пільная ўвага, у тым ліку і на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, нагадаў Прэзідэнт.