2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Мухамеда бен Заіда аль-Нахаяна і народ гэтай краіны з нацыянальным святам - Днём стварэння федэрацыі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Грунтуючыся на багатай спадчыне заснавальніка краіны шэйха Заіда бен Султана аль-Нахаяна, ААЭ пад Вашым кіраўніцтвам упэўнена крочаць у будучыню, умацоўваюць чалавечы патэнцыял і ролю ў рэгіёне і свеце", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вынікі яго нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам ААЭ ў Баку пераканаўча дэманструюць, што сумеснымі намаганнямі бакі змогуць у поўнай меры рэалізаваць існуючы патэнцыял супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай галінах і паспяхова завяршыць шэраг сумесных праектаў, прадоўжаць плённае ўзаемадзеянне ў рамках міжнародных фарматаў, у тым ліку БРІКС.
"Для дэталёвага абмеркавання магчымасцей пашырэння двухбаковых адносін і надання новага імпульсу нашаму партнёрству буду рады сустрэцца з Вамі ў бліжэйшы час у Абу-Дабі або Мінску", - дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама накіраваў віншавальнае пасланне віцэ-прэзідэнту і прэм'ер-міністру ААЭ, правіцелю Дубая шэйху Мухамеду бен Рашыду аль-Мактуму.
"Ваша краіна з'яўляецца прыкладам мірнага і канструктыўнага развіцця, збалансаваных і разважлівых падыходаў да вырашэння актуальных міжнародных праблем. Дзякуючы намаганням кіраўніцтва ў ААЭ створана камфортнае асяроддзе для рэалізацыі чалавечага патэнцыялу, эфектыўнай эканамічнай дзейнасці. Шчырую павагу выклікае старанная работа Эміратаў у сферы перадавых тэхналогій, у прыватнасці па лініі асваення космасу, лічбавізацыі, штучнага інтэлекту, лагістыкі і інфраструктуры", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларуска-эмірацкія адносіны характарызуюцца актыўным палітычным дыялогам, узаемавыгадным супрацоўніцтвам у гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, гуманітарнай галінах. "Абапіраючыся на прынцыпы раўнапраўя і павагі, дух дружбы і партнёрства, мы зможам дасягнуць важных сумесных вынікаў", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.