15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў зварот да воінаў-інтэрнацыяналістаў, ветэранаў вайны ў Афганістане з нагоды Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Сёння ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў мы ўшаноўваем тых, хто, выконваючы воінскі абавязак у складзе абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістане, быў да апошняга адданы прысязе. Вайна ў чужой краіне для многіх стала суровым выпрабаваннем. Мы схіляем галовы перад подзвігам загінулых воінаў, смуткуем разам з тымі, чые жыццё і лёс былі скалечаны, хто не дачакаўся сваіх сыноў, мужоў, братоў", - гаворыцца ў звароце.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што цяпер ва ўмовах светапарадку, які імкліва мяняецца, росту экстрэмізму і тэрарыстычных пагроз баявое братэрства воінаў-інтэрнацыяналістаў - гэта ўзор мужнасці, згуртаванасці і ўзаемавыручкі.
"Вы цэніце магчымасць жыць і гадаваць дзяцей у міры, спакоі і бяспецы, уласным прыкладам садзейнічаеце дасягненню згоды ў грамадстве. Менавіта вы прадаўжаеце баявыя традыцыі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, вучыце наша падрастаючае пакаленне дастойна служыць Беларусі, выхоўваеце сапраўдных патрыётаў і абаронцаў Радзімы", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў воінам-інтэрнацыяналістам і іх сем'ям моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.