25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння азнаёміўся з работай Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб перспектывах развіцця навукова-практычнага цэнтра, ён таксама азнаёміўся з арганізацыяй яго работы, укаранёнымі ў інтэнсіўную тэрапію новымі медыцынскімі тэхналогіямі і навуковымі дасягненнямі цэнтра.
"Мы, вядома, людзі такія дабрадушныя, славяне: нам нібыта і няёмка на здароўі зарабляць. Але пытанне нават не ў заработках, а каб гэтыя грошы нашы людзі не вывозілі ў Германію, яшчэ куды-небудзь. Таму тут трэба рабіць гэтыя аперацыі, умяшанні і іншыя высокатэхналагічныя рэчы. У гэтым сэнс маёй падтрымкі і дзяржавы ў цэлым", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Тут успомнілі і пра школьніка Рому Кагадоўскага, які ў мінулым годзе на сваіх руках вынес з агню двухгадовага брата, але з-за вельмі моцных апёкаў трапіў у рэанімацыю. Хлопчык перанёс 22 аперацыі - лепшыя ўрачы сталіцы змагаліся за жыццё падлетка.
Выратаваць яго ўдалося ў тым ліку дзякуючы распрацоўкам МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. "Зразумела, што гэта толькі кропелька ў гэтай вялікай справе. Але скура - гэта навуковыя распрацоўкі цэнтра", - адзначыў дырэктар установы Алег Румо.
У навукова-практычным цэнтры Аляксандр Лукашэнка наведаў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі і гібрыдную аперацыйную, якая сумяшчае ў сабе функцыі камп'ютарнай тамаграфіі і ангіяграфіі. Гэты сімбіёз дае магчымасць эфектыўна працаваць і найбольш запатрабаваны ў кардыяхірургіі, анкалогіі, неўралогіі, транспланталогіі.
Прэзідэнт паразмаўляў і з пацыентамі навукова-практычнага цэнтра. Некаторыя з іх перанеслі сур'ёзныя аперацыі, а нехта цяжка перахварэў на каранавірус. Адна з іх, Юлія, захварэла на дэльта-штам яшчэ ў час цяжарнасці. Яна не адзін месяц правяла ў рэанімацыі, была абезрухоўлена. Цяпер урачы ўжо практычна аднавілі яе здароўе, але захоўваюцца праблемы з тазасцегнавым суставам на назе.
"Здароўя вам, не хварэйце больш! - пажадаў ім Прэзідэнт. - Аднаўляйце нагу. Мы яшчэ з табой прабяжымся!"
Па традыцыі Аляксандр Лукашэнка наведаў і чырвоную зону.