26 чэрвеня, Салігорск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе Мінскую вобласць на 2-3 вялікія інвестпраекты ў наступнай пяцігодцы. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з актывам Мінскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя пяць гадоў будзе прапісана так, каб яна была зразумелая не толькі актыву, але і каб людзі, кіраўнікі прадпрыемстваў разумелі, што будзе. Аляксандр Лукашэнка нагадаў: яшчэ ў савецкі час пры складанні такіх планаў выразна прапісваліся інвестыцыі і прадпрыемствы, якія неабходна ўвесці ў строй.
"Вельмі хацелася б, каб акрамя традыцыйных з'явіліся новыя. Для Мінскай вобласці адным прадпрыемствам абысціся нельга. Два-тры, але гэта павінна быць абсалютна абгрунтавана, для гэтага павінны быць грашовыя сродкі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што паўгода таму пры назначэнні новага губернатара ён ужо сустракаўся з актывам рэгіёна ў больш вузкім складзе і тады былі намечаны ключавыя напрамкі развіцця на будучыя гады. "Вядома, усё гэта будзе ўдакладняцца з разлікам на пяцігодку", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.