8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць правядзення ў бліжэйшыя гады міжнароднага саміту ў рамках новага Хельсінкскага працэсу. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на міжнароднай канферэнцыі "Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт перакананы ў адсутнасці імгненнага, універсальнага рэцэпта нармалізацыі сітуацыі ў свеце і Еўропе. На яго думку, адысці ад краю бездані глабальнага канфлікту можна толькі шляхам дыялогу.
"Усё больш відавочна неабходнасць правядзення ў бліжэйшыя гады міжнароднага саміту ў рамках новага працэсу "Хельсінкі" - пад эгідай АБСЕ, а магчыма, і пад эгідай ААН, - сказаў ён. - Трэба прыняць дакумент стратэгічнага характару па ўмацаванні міжнароднай бяспекі і ў Еўра-Атлантыцы, і ў больш шырокім маштабе. Сёння немагчыма вырашаць гэтыя пытанні без Кітайскай Народнай Рэспублікі. Важна ўлічваць таксама меркаванне і іншых краін, чый уплыў у свеце сёння расце".
"Мы гатовы пашыраць ідэю "Хельсінкі-2", дыялог Еўрапейскага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, АДКБ і НАТА, спалучэнне з кітайскім праектам "Адзін пояс, адзін шлях", з ШАС, АСЕАН, стварэнне "пояса лічбавага добрасуседства" (аб гэтым усё больш цяпер гавораць). Будзем падтрымліваць усе канструктыўныя ідэі, накіраваныя на пераадоленне раздзяляльных ліній, захаванне міру", - запэўніў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што ў час міжнароднай канферэнцыі ў Мінску абмяркоўваюцца лёсавызначальныя тэмы, і выказаў надзею, што дыскусіі будуць канструктыўнымі і аналітычнымі, калі бакі вядуць дыялог не адзін супраць аднаго, а адзін з адным. "Аналітыкі, эксперты, па сутнасці, не абмежаваны ў сваіх меркаваннях і ў адрозненне ад палітыкаў могуць дазволіць сабе сказаць усё, што лічаць патрэбным. Абазначыць любыя ідэі, аж да самых нестандартных, прапанаваць рашэнні, якія цяпер патрэбны міжнароднай супольнасці, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вельмі разлічваю, што думкі і высновы, якія прагучалі тут, будуць запатрабаваны тымі, хто прымае важныя палітычныя рашэнні".