20 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У рабоце праваахоўнай сістэмы краіны ёсць сур'ёзныя недахопы і пралікі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытанні якасці работы праваахоўных органаў па выяўленні і расследаванні злачынстваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Звароты грамадзян і правапрымяняльная практыка выяўляюць праблемы, прычым у шэрагу выпадкаў даволі вострыя. "Нядаўні прыклад (ён актыўна абмяркоўваўся ў СМІ, але я не хачу мусоліць яго) - гэта справа галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў. Я не так адназначна ацэньваю яго, як у грамадстве і нават як у судзе. Але аб гэтым мы пагаворым асобна. Гэта вельмі добры і яскравы прыклад вашай работы як па сутнасці, так і па форме, у прыватнасці, міліцыі, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Колькасць зваротаў, іншыя рэзанансныя справы сведчаць аб сур'ёзных недахопах і праліках у рабоце аператыўна-вышуковых і следчых падраздзяленняў, а таксама, на жаль, пракуратуры".
Паводле яго слоў, у людзей часам складваецца ўражанне, што супрацоўнікаў праваахоўных органаў у першую чаргу цікавяць не жыццё і лёс чалавека, а лічбы і рэйтынгі, якімі вымяраецца эфектыўнасць іх работы. "Прычым фальсіфікацыя ў ходзе расследавання крымінальных спраў такая, што лепш бы вы не ўзбуджалі гэтыя крымінальныя справы. Некаторыя ў пагонах сталі нахабнымі да таго, што яны не проста не павінны іх насіць - гэтыя людзі павінны быць выключаны з нашага грамадства ў першую чаргу, перш чым тыя, справы якіх яны расследуюць", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ горш, дадаў кіраўнік дзяржавы, калі гэта суправаджаецца прымяненнем актыўных сілавых метадаў, неадпаведных узнікаючым сітуацыям. "Ці бачыце, вяршыцелі лёсу! Уварваўшыся ў дом пры дзецях, цяжарных жонках, пакласці чалавека мордай у падлогу, як у вас прынята казаць, заламаць рукі, паламаць некалькі рэбраў, і страсенне мазгоў - гэта як мінімум. Гэта бязмозгія людзі, якім таксама не месца ў праваахоўнай сістэме. Што наогул недапушчальна ў практыцы сілавікоў - з'яўляецца новая "форма" работы - прамы націск на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу. Нават да суддзяў пад'язджаюць і пачынаюць: ды мы з вамі, ды мы вас будзем нахіляць", - расказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка абурыўся, што яго аб гэтых фактах проста інфармуюць, а адпаведныя меры ўздзеяння адносна такіх праваахоўнікаў не прымаюцца. Інфармаваць Прэзідэнта, заўважыў ён, трэба па выніках прынятых мер.
"Гэта не забеспячэнне законнасці, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Сёння мы павінны выявіць усе прычыны, у выніку якіх такое становіцца магчымым, вызначыць, што рабіць, каб не дапусціць у будучым парушэнняў правоў грамадзян у нашай краіне".