Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

5 Кст 2018

Лукашэнка адкрыта выказаўся аб сітуацыі ў арміі і фактах дзедаўшчыны

Лукашэнка адкрыта выказаўся аб сітуацыі ў арміі і фактах дзедаўшчыны

5 кастрычніка, Івацэвіцкі раён /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння, адказваючы на пытанні журналістаў, выказаў максімальна адкрытыя меркаванні аб сітуацыі ў беларускай арміі, фактах дзедаўшчыны, а таксама адзінкавых выпадках гібелі ваеннаслужачых, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што іншым разам прэстыж арміі, воінскай службы з-за тых ці іншых адзінкавых негатыўных фактаў апускаюць настолькі, што людзі пачынаюць баяцца арміі. "Добрая ў нас армія, не без гэтых розных праблем, як у Пячах былі падзеі. Гэта армія, гэта было заўсёды", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка наконт гэтага выказаў меркаванне аб тым, што армія створана першапачаткова для вайны і правядзення вучэнняў. "А што было б у Беларусі, калі б недзе загінулі 25 беларускіх грамадзян. Мы б, напэўна, на вушы сталі і гвалтам крычалі. Але ж не бывае так, каб у ваюючай арміі не гінулі людзі", - правёў паралелі кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што факты гібелі ваеннаслужачых, на жаль, здараюцца нават у час вучэнняў. Ён прывёў у якасці прыкладу адзін факт часоў Савецкага Саюза з уласнага вопыту. Адзін з этапаў таго вучэння праводзіўся ў Віцебскай вобласці. "На маіх вачах. Ішла страляніна. Як яны гаварылі, снарад надламаўся - не пайшоў па траекторыі - і трапіў у БТР. Восем чалавек у ім было. Усе загінулі", - расказаў Аляксандр Лукашэнка. "Катастрофа. Не дай бог", - дадаў ён.

"Нам яшчэ маліцца трэба за тое, што Бог нас убярог і што мы ў арміі не нясём такіх страт. Але гэта не апраўданне падзеям у Пячах, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Прыкра тое, што ў нас ёсць, няхай і адзінкавыя, факты дзедаўшчыны. У мяне ўнутры ўсё пераварочваецца. Таму што, калі я служыў у пагранвойсках, мы наогул не ведалі, што такое дзедаўшчына".

"Для мяне гэта (дзедаўшчына. - Заўвага БЕЛТА) наогул непрымальна, як для чалавека, які служыў. І нават потым, будучы афіцэрам Савецкай арміі, для мяне гэта наогул было недапушчальна. Таму я як Прэзідэнт успрымаю гэта з вялікім хваляваннем. Дзедаўшчына, калі здзекуюцца з чалавека, - гэта ганьба для арміі. Гэта мы будзем выпальваць гарачым жалезам. Міністру абароны і ўсім ім я сказаў аб гэтым", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца фактаў гібелі ваеннаслужачых, Прэзідэнт са шкадаваннем канстатаваў, што такое здараецца нават з вопытнымі людзьмі. Недзе можа падвесці тэхніка або парашут, як у адным з нядаўніх выпадкаў. "Тое, што мы страчваем часам людзей... Мы вучымся, ваюем, рыхтуемся абараняць Радзіму. Гэта недапушчальна (гібель людзей. - Заўвага БЕЛТА), але, паверце, гэта непазбежна ў любой арміі, - адзначыў беларускі лідар. - Армія ёсць армія. Гэта справа сур'ёзная, справа нежартоўная. Таму ўсе павінны разумець, што Радзіму павінны абараняць ад малога да вялікага, і не толькі ў арміі. Але армія - справа сур'ёзная, і там усё можа быць".

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым прызнаў, што, магчыма, яго разважанні наконт гэтага не вельмі папулярныя. "Ведаю, колькі гэта выкліча цяпер шуму, што я ледзь ці не адабраю гібель. Я выказаўся дакладна: не дай бог, калі гіне чалавек, але, на жаль, бывае ўсякае. І тое, што нам удалося ўберагчы сваіх хлопцаў, ваеннаслужачых, сваю краіну ад гэтых войнаў, на мінімуме трымаць негатыўныя праблемы ў арміі, - гэта вялікае наша дасягненне", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі