13 красавіка, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы не павінна ператварыцца ў чарговага фантома. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка папрасіў Мікалая Бардзюжу выкласці бачанне сітуацыі, якая складваецца на постсавецкай прасторы і, у прыватнасці, у АДКБ. "На што, з вашага пункту гледжання, нам трэба было б больш істотна рэагаваць, якія пытанні не вырашаюцца?" - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць і шэраг іншых пытанняў, якія ўплываюць на сутнасць спраў арганізацыі, "каб яна не ператварылася ў чарговага фантома".
Мікалай Бардзюжа далажыў аб бягучай дзейнасці АДКБ, планах, якія адпрацаваны і рэалізуюцца. На сустрэчы падрабязна была разгледжана сітуацыя, якая сёння ў цэлым складваецца на прасторы дзеяння Дагавора аб калектыўнай бяспецы, аб няпростай абстаноўцы ва Усходне-Еўрапейскім, Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёнах, а таксама аб замарожаных канфліктах.
"Праблем даволі шмат. Яны павінны ўлічвацца і адсочвацца, што мы і робім. І мы павінны рабіць прэвентыўныя крокі, якія забяспечылі б магчымасць нейтралізацыі тых ці іншых пагроз, з якімі могуць сутыкнуцца нашы краіны", - адзначыў Мікалай Бардзюжа.
Прэзідэнту таксама даложаны некаторыя прапановы наконт ваеннага супрацоўніцтва, шэраг з якіх Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў.