25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне ўдзельнікам IX Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Бяспека ва ўмовах трансфармацыі пагроз: актуальныя праблемы і рашэнні" з адкрыццём форуму, прымеркаванага да 75-годдзя Інстытута нацыянальнай бяспекі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сучасны свет знаходзіцца на стадыі пастаяннай трансфармацыі, выкліканай крызісам светапарадку, яго інстытутаў і арганізацый, а міжнародная сацыяльна-палітычная абстаноўка характарызуецца з'яўленнем новых выклікаў і пагроз, абвастрэннем канфліктаў і супярэчнасцей, якія ўяўляюць сур'ёзную небяспеку на нацыянальным і глабальным узроўнях.
"Кіруемы звонку хаос распаўсюджваецца шляхам "каляровых рэвалюцый", гібрыдных войнаў і інфармацыйнай агрэсіі. Процістаяць гэтаму магчыма толькі пры ўмове кансалідацыі намаганняў, выпрацоўкі адзіных падыходаў да абароны нацыянальных і рэгіянальных інтарэсаў", - гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што работа дыскусійнай пляцоўкі дасць магчымасць айчынным і замежным экспертам прадметна разгледзець важнейшыя аспекты забеспячэння бяспекі, абмяняцца меркаваннямі і падзяліцца вопытам вырашэння найбольш актуальных праблем, вызначыць асноўныя напрамкі далейшага ўзаемадзеяння.