2 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Пытанні ўдасканалення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнай падтрымкі насельніцтва разгледжаны 2 жніўня ў час даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку міністра працы і сацыяльнай абароны Мар'яны Шчоткінай, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся ўсімі пытаннямі, звязанымі з пенсійным забеспячэннем: як растуць пенсіі, якія ёсць прапановы па іх павышэнні, які стан фонду сацабароны. Былі разгледжаны некаторыя аспекты занятасці насельніцтва: узровень беспрацоўя, колькасць вакансій, перанавучанне кадраў. Акрамя таго, абмяркоўвалася своечасовасць выплаты заработнай платы па канкрэтных праблемных прадпрыемствах. Прэзідэнт запатрабаваў, каб пытанням выплаты заработнай платы, а таксама пенсій, адраснай сацыяльнай дапамогі ўдзялялася самая пільная ўвага.
Размова ішла таксама аб дзейнасці прадпрыемстваў, якія падведамныя Беларускаму таварыству інвалідаў, і аб тым, як у краіне праводзіцца аздараўленне пажылых грамадзян і інвалідаў.
Разглядалася і дэмаграфічная сітуацыя. Прэзідэнт праінфармаваны, як ажыццяўляецца выплата дапамог сем'ям, у якіх нараджаюцца дзеці. Так, за першае паўгоддзе ў краіне нарадзілася на 1 718 дзяцей больш, чым за аналагічны перыяд 2015 года. Паводле слоў міністра, усе дапамогі выплачваюцца ў поўным аб'ёме і своечасова.
Таксама разгледжаны праект указа "Аб пенсійным забеспячэнні асобных катэгорый ваеннаслужачых" і некаторыя пытанні вылічэння стажу дзяржслужачых.
Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў падыходзіць вельмі ўзважана і акуратна пры разглядзе розных выключэнняў і льгот для асобных катэгорый грамадзян. "Вы ведаеце мае патрабаванні - што датычыцца грашовых пытанняў, асабліва нейкіх выключэнняў, заахвочванняў, ільгот, тут трэба дзейнічаць акуратна, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І справа не ў тым, што шкада дапамагчы людзям. Галоўнае, каб мы зноў не разбалансавалі сістэму: таму што кагосьці падтрымалі, камусьці льготы прадаставілі - пакрыўдзіліся астатнія катэгорыі. Таму я вас запрасіў, каб вы далажылі мне аб гэтых дакументах - навошта яны патрэбны і ў што выльецца фінансава іх рэалізацыя".
Як праінфармавала Мар'яна Шчоткіна, праект указа "Аб пенсійным забеспячэнні асобных катэгорый ваеннаслужачых" накіраваны на рэгуляванне пытанняў назначэння пенсій тым, хто быў звольнены з ваеннай службы ў сувязі са скарачэннем колькасці Узброеных Сіл у 1992-1994 гадах. Тады пенсія была назначана ў няпоўным памеры. Пры дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, улічваючы невысокі памер атрымліваемай "ваеннай" пенсіі, большасць са згаданых грамадзян разлічвалі перайсці на працоўную пенсію па ўзросце. Але ў сувязі з істотнымі змяненнямі ў пенсійным заканадаўстве ўзнік шэраг складанасцей. Прэзідэнт пагадзіўся з тым, што павінна быць асобнае рашэнне па гэтым пытанні, якое датычыцца такой катэгорыі грамадзян.
У час даклада таксама разгледжаны некаторыя пытанні вылічэння стажу дзяржаўнай службы. Прэзідэнт падтрымаў прапанову аб тым, каб выключыць з кампетэнцыі Мінфіна паўнамоцтвы па дачы растлумачэнняў па пытаннях вылічэння стажу дзяржслужбы, а пакінуць гэтыя паўнамоцтвы за Мінпрацы і сацабароны, каб не было дубліравання функцый у названых двух ведамстваў.