3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь не будзе абмяжоўваць свабодны ўезд расіян на сваю тэрыторыю. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адказваючы на пытанне аб увядзенні Расіяй рэжыму пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Наколькі мяне інфармавалі, там ёсць нейкая прывязка да канкрэтных нейкіх кропак. Паўстае пытанне - гэта што Расія пачала праводзіць дэмаркацыю граніцы? Дык гэта перагаворны працэс, гэта ж можа выліцца ў сур'ёзны канфлікт".
"Мы ж не дамовіліся, як будзе на карце праходзіць граніца, на мясцовасці, толькі пасля гэтага трэба ўстанаўліваць нейкія знакі і кропкі. Вы ж можаце залезці на чужую тэрыторыю і адхапіць кусок чужой граніцы. Таму я не думаю, што расіяне на гэта адважацца, гэта ўжо сур'ёзны канфлікт, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Не думаю, што яны будуць рабіць нейкія дадатковыя крокі".
"Але я магу сказаць цвёрда: мы ні ў якім выпадку не пойдзем на повадзе ў расіян, і расіяне могуць быць упэўнены, што яны як прыязджалі ў Беларусь, так яны і будуць прыязджаць. Гэта я цвёрда гарантую. Яны, можа, і хацелі б, каб мы прынялі дзеянні ў адказ і тым самым неяк нашых братоў-расіян абмяжоўвалі ў перамяшчэнні на нашай граніцы, але мы на гэта ніколі не пойдзем. Яны нам не ворагі, не праціўнікі, гэта нашы браты, нашы расіяне. Як ездзілі сюды, так і будуць ездзіць. Людзі ад гэтага пацярпець не павінны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.