1 верасня, Бабруйск /Кар. БЕЛТА/. Не страчваючы суверэнітэту, Беларусь і Расія могуць выбудаваць вельмі цесныя адносіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння журналістам у час рабочай паездкі ў Бабруйск, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Ніякай размовы аб страце суверэнітэту няма. Мы бачым недахопы ў Савецкім Саюзе, у Еўрасаюзе. Гэта значыць, выбудоўваючы нашы адносіны ў саюзе, мы можам гэтага пазбегнуць. Сёння мы настолькі адукаваныя і разумныя, што, не страчваючы суверэнітэту ні Расіі, ні Беларусі, можам выбудаваць такія адносіны, якіх няма ні ў федэратыўных, ні ва ўнітарных дзяржавах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу: каб усталяваць цесныя адносіны, краінам не трэба ўключаць у свой склад іншыя дзяржавы. "Не трэба ўключаць нікога. Трэба выбудоўваць адносіны як дзве суверэнныя дзяржавы", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў сваю думку на прыкладзе адной з саюзных праграм - аб ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. "Дзве суверэнныя дзяржавы, але мы ж выбудавалі свае адносіны. У нас, лічы, адзіная армія, аснову якой на заходнім напрамку складае беларуская. Не дай бог вайна - беларуская армія ўступае ў гэту бойку першай, і адразу ж падключаецца ўся заходняя частка Узброеных Сіл Расіі, і мы разам выбудоўваем абарону і супраціўленне свайму праціўніку", - адзначыў беларускі лідар.
"Выбудавалі ж як суверэнныя дзяржавы. Таму няма неабходнасці сёння разбураць суверэнітэт і незалежнасць дзяржаў", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.