21 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22-23 сакавіка зробіць афіцыйны візіт у Грузію. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Праграмай візіту запланаваны афіцыйныя перагаворы з Прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць бягучы стан і перспектывы развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У тым ліку размова пойдзе аб пашырэнні асартыменту і аб'ёмаў пастаўляемай прадукцыі, развіцці вытворчай кааперацыі, стварэнні сумесных прадпрыемстваў, узаемадзеянні ў навуцы, адукацыі і медыцыне, сферах транспарту і лагістыкі, рэалізацыі інфраструктурных праектаў.
Аляксандр Лукашэнка і Георгій Маргвелашвілі таксама абмяркуюць пытанні супрацоўніцтва ў галіне палітыкі, кантакты краін на міжнародных пляцоўках, сітуацыю ў свеце і рэгіёне.
Па выніках перагавораў плануецца падпісанне шэрага міжнародных дакументаў.
Акрамя таго, плануюцца сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з прэм'ер-міністрам Грузіі Георгіем Квірыкашвілі, Каталікосам-Патрыярхам усяе Грузіі Іліёй II.
Адначасова з мерапрыемствамі ў рамках афіцыйнага візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў Тбілісі пройдуць Дні Мінска і грузінска-беларускі бізнес-форум. Прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў дзвюх краін, мясцовых органаў улады, бізнес-колаў правядуць перагаворы і абмяркуюць пытанні супрацоўніцтва па канкрэтных напрамках, заключаць адпаведныя дагаворы і пагадненні. У грузінскай сталіцы таксама запланаваны шэраг культурных і спартыўных мерапрыемстваў, будзе працаваць выстаўка тавараў прадпрыемстваў Мінска.
Апошнія некалькі гадоў адзначаецца ўсё большая дынаміка ў развіцці беларуска-грузінскіх адносін. Гэтаму садзейнічала рэалізацыя дамоўленасцей на ўзроўні лідараў дзвюх краін, якія былі дасягнуты ў 2015 годзе ў час першага афіцыйнага візіту ў Грузію Аляксандра Лукашэнкі і ў ходзе афіцыйнага візіту ў Беларусь Георгія Маргвелашвілі ў сакавіку 2017 года.
Па выніках 2017 года ўзаемны тавараабарот дасягнуў адзнакі $93,5 млн (126,5 працэнта да ўзроўню 2016 года), экспарт - $73,8 млн, імпарт - $19,7 млн. У Грузіі дзейнічаюць 15 прадстаўніцтваў, даччыных прадпрыемстваў, суб'ектаў тавараправоднай сеткі і дыстрыб'ютараў беларускіх прадпрыемстваў. У Беларусі працуюць 19 прадпрыемстваў з грузінскім капіталам, у тым ліку 13 сумесных.