6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Бягучы год стане праверкай на трываласць для ўсіх прадпрыемстваў Беларусі. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Мінскага маторнага завода, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"2016 год - гэта год праверкі на трываласць усіх прадпрыемстваў краіны, асабліва такіх гігантаў, да якіх адносіцца і Мінскі маторны завод", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У гэтым пераліку таксама МАЗ, БелАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш" і іншыя прадпрыемствы, якія, паводле слоў Прэзідэнта, "мы не можам страціць, гэта брэнд нашай краіны".
У час наведвання завода кіраўніку дзяржавы дакладвалася аб стане і перспектывах Мінскага маторнага завода, закраналіся і праблемныя моманты, у тым ліку канфлікт інтарэсаў з некаторымі прадпрыемствамі, якія выказваюць незадавальненне павышэннем цэн на рухавікі. Размова ішла і аб тым, як выправіць сітуацыю са спадам аб'ёмаў вытворчасці, прадоўжыць дыверсіфікацыю экспарту.
Размаўляючы з працоўным калектывам, кіраўнік дзяржавы адзначыў, стан спраў на заводе цяпер небездакорны, але галоўнае - тут разумеюць, як рухацца далей. "Гэты год будзе для вас вызначальным, - сказаў Прэзідэнт. - Паглядзім, на якія аб'ёмы вытворчасці рухавікоў выйдзеце, куды будзеце прадаваць, як будзеце дыверсіфікавацца".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што фінансавае пытанне для Мінскага маторнага завода сёння не галоўнае. Прадпрыемства не вельмі багатае, але з добрай перспектывай, лічыць Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што галоўнае для завода, як і для іншых прадпрыемстваў, - гэта якасць.
У 2015 годзе на Мінскім маторным заводзе было сабрана 45,2 тыс. рухавікоў. У бягучым годзе, як было даложана Прэзідэнту, тут плануюць сабраць ужо 58-60 тыс. рухавікоў. Паралельна рэалізуюцца праекты, нацэленыя на пашырэнне лінейкі выпускаемых рухавікоў, удасканаленне тэхналогіі вытворчасці, дыверсіфікацыю рынкаў збыту.