4 ліпеня, Астана /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня КНР Сі Цзіньпін правялі сустрэчу ў Астане на палях саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сі Цзіньпін перш за ўсё павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з атрыманнем Беларуссю новага статусу ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва: на саміце ў Астане рэспубліка была прынята ў ШАС у якасці паўнапраўнага члена.
"Учора ў вашай краіне адзначылі Дзень Незалежнасці, а сёння ваша краіна стала паўнацэнным членам ШАС. Я вас горача віншую", - сказаў Старшыня КНР.
Ён нагадаў, што ў мінулым годзе Прэзідэнт Беларусі двойчы наведаў з візітам Кітай. У час праведзеных перагавораў бакі намецілі планы па развіцці ўсепагоднага і стратэгічнага партнёрства. Цесныя кантакты падтрымліваюцца на ўсіх узроўнях.
"Мы абавязкова будзем садзейнічаць далейшаму стабільнаму развіццю нашых адносін", - заявіў Сі Цзіньпін. Пры гэтым, дадаў кітайскі лідар, бакі маюць намер рухацца ў гэтым напрамку сямімільнымі крокамі.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу выказаў удзячнасць Старшыні КНР за каласальную падтрымку Беларусі на шляху да членства ў ШАС.
"Я вельмі рады, што вы становіцеся старшынёй (у 2025 годзе Кітай будзе старшынстваваць у ШАС. - Заўвага БЕЛТА), гэта значыць, што ў мяне будзе лішняя магчымасць у будучым годзе наведаць Кітайскую Народную Рэспубліку. Я выпісаў вашы ініцыятывы, якія вы развіваеце ў ШАС (глабальная бяспека, глабальнае развіццё, глабальная цывілізацыя, глабальнае кіраванне штучным інтэлектам - вы ўжо заўважылі і станоўчае, і адмоўнае ў штучным інтэлекце), - мы ўсяляк падтрымліваем усе вашы ініцыятывы. Асабліва галоўную ініцыятыву - па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу. Гэта ініцыятыва сугучная з ініцыятывай Бразіліі", - адзначыў Прэзідэнт.-0-