1 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана дамовіліся ў бліжэйшы час арганізаваць у Таджыкістане маштабную выстаўку беларускай прадукцыі і правесці бізнес-форум. Аб гэтым расказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на перагаворах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Самое галоўнае - мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час, можа вясной, арганізуем у Таджыкістане маштабную выстаўку нашых кампаній і прадпрыемстваў. З такім разлікам, каб разам з вамі выйсці на афганскі і пакістанскі рынкі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што ў Беларусь прыязджаюць прадстаўнікі кіраўніцтва Афганістана, буйныя бізнесмены і просяць арганізаваць пастаўкі тэхнікі і прадуктаў харчавання, дапамагчы адкрыць там зборачныя вытворчасці. "Нам вельмі хацелася б, каб да гэтага працэсу вы падключыліся. Таму што вы, як ніхто іншы, ведаеце Афганістан. Гэта велізарная краіна, дзе жывуць добрыя людзі. Вайна рана ці позна скончыцца. Але там трэба ствараць гэтыя прадпрыемствы. Патрэбныя для народа", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Эмамалі Шарыпавіч падтрымаў гэты праект па стварэнні вытворчасцей, якія будуць працаваць на тры краіны - ад нас праз Таджыкістан у Афганістан. Але мы павінны паказаць гэту прадукцыю, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Упэўнены, нават у нашым брацкім Таджыкістане не ўсе ведаюць, што мы можам рабіць. І на бізнес-форум, які мы там арганізуем, прыедуць і афганскія бізнесмены, таджыкскія. Калі з Узбекістана або іншых рэспублік пажадаюць пабываць на гэтым форуме - калі ласка".
Прэзідэнт даручыў міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання, прамысловасці аператыўна заняцца пытаннямі арганізацыі выстаўкі. "Мы павінны вывезці ўвесь спектр нашай прадукцыі і паказаць там", - падкрэсліў ён.