8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Мінску, якая пройдзе ў Палацы Незалежнасці, абмяркуюць беларуска-расійскае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і іншыя актуальныя пытанні двухбаковых адносін. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант.
"Плануецца, што асаблівы акцэнт у час сустрэчы будзе зроблены на мерах па пераадоленні зніжэння ўзаемнага тавараабароту на фоне эканамічнай нестабільнасці ў рэгіёне і свеце. Улічваючы цеснае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва дзвюх краін як у рамках Саюзнай дзяржавы, так і Еўразійскага эканамічнага саюза, размова таксама пойдзе аб паглыбленні інтэграцыі, перспектывах зняцця асобных абмежаванняў ва ўзаемным гандлі", - заявіла Наталля Эйсмант.
Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць і шэраг іншых пытанняў, якія стаяць на парадку дня двухбаковых адносін, міжнародны парадак дня.
Пасля двухбаковай сустрэчы запланаваны ўдзел Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў пленарным пасяджэнні III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якое адбудзецца ў Палацы Рэспублікі. У гэтым годзе мерапрыемства прысвечана сацыяльна-гуманітарным пытанням. Размова пойдзе аб неабходнасці далейшай уніфікацыі і збліжэння прававой базы Беларусі і Расіі ў сацыяльна-гуманітарнай сферы, сумеснага процістаяння знешнім выклікам і пагрозам, перш за ўсё эканамічнага характару.
Як адзначыла прэс-сакратар, важнае месца ў тэматыцы форуму адведзена навуковаму і навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву, фарміраванню агульнай адукацыйнай прасторы, партнёрства ў сферы культуры. Акцэнт у выступленні Прэзідэнта Беларусі таксама плануецца зрабіць на пытаннях клопату аб ветэранах, правядзенні дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, стварэнні адзінай інфармацыйнай прасторы.